Сувязь без збояў. Прозвішча ляхавіцкага сувязіста адзінае з вобласці занесена на Дошку гонару РУП «Белтэлекам»

Працоўная біяграфія Віталія Баркоўскага (на здымку) звязана з Ляхавіцкім вузлом электрасувязі. Сёлета будзе 20 гадоў, як пасля заканчэння вышэйшага каледжа сувязі прыйшоў сюды працаваць электраманцёрам лінейных збудаванняў. Залатыя рукі і адказныя адносіны да справы дапамаглі стаць высокакваліфікаваным спецыялістам “Белтэлекама” – электрамеханікам лінейных збудаванняў і абаненцкіх устройстваў . Віталій прафесійна, аператыўна і якасна ўхіляе кабельныя пашкоджанні сувязі, любой складанасці.

Ініцыятыўнага і патрабавальнага да сябе спецыяліста, у рабоце вызначаюць акуратнасць і дакладнасць. Яго паважаюць калегі і цэніць кіраўніцтва. Дарэчы, Віталій Баркоўскі адзіны з Брэсцкай вобласці, чый партрэт занесены на Дошку гонару Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белтэлекам”.

Сакрэтам паспяховай работы наш зямляк лічыць заўсёдную падтрымку калег, з якімі з лёгкасцю вырашаюцца задачы і пераадольваюцца праблемы. А дома чакае надзейны ”тыл” – жонка Наталля і дачушкі Кацярына і Настачка. Яны, дарэчы, актыўныя карыстальнікі ўсіх паслуг аператара сувязі.

А яшчэ Віталій прыхільнік спорту і здаровага ладу жыцця, любіць пасядзець на беразе з вудай. Аптыміст па жыцці, ён упэўнены: усё абавязкова атрымаецца і ўсяго можна дасягнуць, калі не будзеш сядзець, склаўшы рукі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *