Шырокі дыяпазон увагі. Разнапланавым атрымаўся дэпутацкі графік на Ляхавіччыне

На гэтым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч працаваў у сваёй выбарчай акрузе – Баранавіцкай сельскай № 7. Разнапланавым дэпутацкі графік атрымаўся на Ляхавіччыне.
На парадку дня мінулага аўторка – прыём грамадзян. Пытанні, якія ўзнімаліся падчас прыёму, тычыліся магчымага прадастаўлення льгот за ацяпленне будынкаў для прадпрымальнікаў, якія займаюцца бізнесам у сельскай мясцовасці, паверкі тэхнічнага стану дамавых
вентыляцыйных каналаў і іншага.
– Па-ранейшаму дастаткова высокая актыўнасць выбаршчыкаў – ляхавічан. Гэта гаворыць пра давер грамадзян да прадстаўнікоў заканадаўчай улады. Імкнуся канкрэтна і дасканала разбірацца ў кожнай агучанай тэме. Дарэчы, падчас прамой тэлефоннай лініі, якую праводзіў 16 лютага, сярод звярнуўшыхся за дапамогай і жыхары Ляхавіцкага раёна. Яны ўзнімалі тэмы адчужэння зямельнага ўчастка ў садовым таварыстве і магчымасці трапіць на прыём да вузкага спецыяліста, – адзначыў Георгій Хлябовіч.
Таксама ў прыёме прынялі ўдзел старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, члены Маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў, член Маладзёжнага Савета пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Дзіяна Бурак.
У межах супрацоўніцтва з раённай уладай Георгій Хлябовіч удзельнічаў у пасяджэнні пастаянна дзеючай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва Ляхавіцкага раёна. Дарэчы, наш дэпутат уваходзіць у склад парламенцкай Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях.
Работа парламентарыя ў акрузе прадоўжылася і ў чацвер. У складзе ІПГ Георгій Хлябовіч сустрэўся са сваімі калегамі – работнікамі Ляхавіцкай райбальніцы. Сярод іншых узнятых тэм размова ішла пра тое, як у Беларусі стымулююць людзей пераязджаць у сельскую мясцовасць, пра меры падтрымкі для аграгараджан і вяскоўцаў. Узгадваліся і тэма даступнасці медыцынскай дапамогі для вяскоўцаў, аснашчанасць неабходным медабсталяваннем ФАПаў і АУАП, запатрабаванасць ФАПа на колах.
– Адзін з прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады – «Моцныя рэгіёны». У бягучай пяцігодцы асаблівая ўвага –пытанням развіцця сельскіх населеных пунктаў, асабліва гэта тычыцца аграгарадкоў, дзе ўжо ёсць інфраструктура, якая дазволіць задзейнічаць іх патэнцыял для таго, каб запаволіць адток насельніцтва і стымуляваць пераезд з гарадоў, – падкрэсліў дэпутат Парламента.
Прадаўжаючы тэмы, Георгій Хлябовіч і Юрый Чаранкевіч наведалі крэветачную ферму ў Альхоўцах, каб пазнаёміцца з развіццём бізнесу і турызму ў сельскай мясцовасці.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

