З прафесійным інтарэсам да зямлі . 21 лютага землеўпарадчыкі, геадэзісты, картографы і спецыялісты па зямельным кадастры адзначаюць сваё прафесійнае свята
21 лютага землеўпарадчыкі, геадэзісты, картографы і спецыялісты па зямельным кадастры адзначаюць сваё прафесійнае свята. Сярод тых, хто забяспечвае парадак і законнасць у гэтай сферы, – і аддзел землеўпарадкавання райвыканкама.

Дзейнасць службы застаецца нябачнай да таго моманту, пакуль не ўзнікае пытанне, звязанае з уласным зямельным участкам. Але на самай справе значэнне землеўпарадкавальнай службы ў жыцці раёна цяжка пераацаніць. Сярод шырокага пераліку абавязкаў – работа па выяўленні і ўключэнні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых і неэфектыўна выкарыстоўваемых земляў, навядзенне парадку на зямлі і рацыянальнае ўладкаванне тэрыторый, аптымізацыя межаў населеных пунтаў і іншае.
Летась спецыялісты аддзела разгледзелі больш за шэсць сотняў заяў грамадзян і юрыдычных асоб па пытаннях адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў. Была вырашана і адна зямельная спрэчка, распрацавана 598 землеўпарадкавальных спраў, заключана 42 дагаворы арэнды ўчасткаў.
Адна з функцый службы – дапамагчы грамадзянам узаконіць свае правы на зямлю. На Ляхавіччыне работа па легалізацыі зямельных участкаў не спыняецца. Падчас суцэльнай інвентарызацыі было пацверджана 854 факты самавольнага заняцця зямлі, а яшчэ 17 фактаў выяўлена пасля 1 верасня 2022 года (менавіта да гэтай даты павінна была прайсці асноўная легалізацыя). На сёння легалізавана 106 зямельных надзелаў. Са 164 вызваленых участкаў 76 былі афіцыйна перададзены землекарыстальнікам. У 56 выпадках падчас дэталёвай праверкі факты самавольнага заняцця не пацвердзіліся.
Летась у раёне адбыліся два аўкцыёны, на адным з якіх прададзены ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання аўтамыйкі ў райцэнтры.
Таксама праведзена работа па змяненні межаў 14 населеных пунктаў.
Статыстыка пацвярджае ісціну, што зямля – галоўнае багацце, і яна па-ранейшаму запатрабавана. Менавіта таму праца ў аддзеле патрабуе інжы-нернай дакладнасці і юрыдычнай пільнасці ў спалучэнні з камунікабельнасцю. Усе гэтыя якасці ўласцівы калектыву з шасці высокакваліфікаваных спецыялістаў, які ўзначальвае прафесіянал сваёй справы Наталля Крымская. Ад кампетэнтнасці супрацоўнікаў аддзела залежыць, ці будуць правільна размежаваны зямельны надзел і дакладна аформлены дакумент і ці не перарасце зямельная спрэчка паміж суседзямі ў сур’ёзны канфлікт.
У іх арсенале не толькі прафесійныя веды і шматгадовы вопыт, але і сучасны дакладны інфармацыйны рэсурс – геапартал зямельна-інфармацыйнай сістэмы Беларусі, дзе пазначаны літаральна кожны сантыметр зямлі, у тым ліку і межы ўчасткаў Ляхавіцкага раёна. Тым, хто жадае выбраць сабе свабодны зямельны ўчастак – прамая дарога на сайт Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, дзе любому неаўтарызаванаму карыстальніку даступны пералік свабодных зямельных участкаў па ўсіх раёнах.
Начальнік аддзела землеўпарадкавання нагадвае, што згодна з Указам Прэзідэнта № 155 «Аб садоўніцкіх таварыствах», які ўступіў у дзеянне напрыканцы 2023 года, уладальнікі ўчасткаў у садоўніцкіх таварыствах абавязаны да 2 снежня 2026 года зарэгістраваць на іх свае правы.
– Спецыялісты аддзела пры разглядзе кожнай справы кіруюцца перш за ўсё законам і ўважліва ставяцца да кожнага звароту. Магу сказаць, што калектыў з веданнем справы спраўляецца з вялікім аб’ёмам работы. Гэтаму, у тым ліку, садзейнічае і замацаванне за кожным спецыялістам пэўнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі раёна, – падкрэслівае Наталля Крымская і адрасуе шчырыя віншаванні з прафесійным святам ветэранам і калектыву аддзела землеўпарадкавання, калегам з агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры і іншых сумежных службаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

