Зіма не перашкода дарожнаму абнаўленню. Якія дарогі Ляхавіччыны сёлета зменяць аблічча
Пакуль яшчэ надвор’е не дазваляе маштабна пачаць дарожнае абнаўленне, але, напэўна, землякам будзе цікава даведацца, якія дарогі Ляхавіччыны сёлета зменяць аблічча. Забягаючы наперад, адзначым, што, у рэшце рэшт, доўгачаканай абноўкі дачакаюцца некалькі дарожных участкаў, якія на слыху як неўладкаваныя. Пачнём з бліжэйшых планаў, частка якіх пачала рэалізоўвацца.

– Пры тэмпературы паветра вышэй за мінус 10 градусаў можна рабіць ямачны рамонт з прымяненнем так званага халоднага асфальту. Менавіта гэтым займаецца наша арганізацыя ў вёсцы Новыя Буды на аўтадарозе Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы. Што тычыцца іншых дарожных участкаў раёна, што ў зоне адказнасці ДРБУ-200, то ямачны рамонт будзе праводзіцца на працягу года па меры неабходнасці і згодна з данымі папярэдняга абследавання дарог. Акрамя таго, у абавязковым парадку прыкладна да сярэдзіны мая абнаўляем разметку дарог, дарожныя знакі, наводзім парадак на прыдарожных палосах, прыпынках грамадскага транспарту, пры неабходнасці падфарбоўваем-рамантуем павільёны, – расказвае начальнік ДРБУ-200 Максім Муха.
Яшчэ ў студзені дарожная тэхніка і работнікі ДРБУ-200 рамантавалі гравійнае пакрыццё на ўчастку працягласцю 4,1 кіламетра на дарозе Галаўнінцы – Стральцы – Востраў. Работы завершаны ў мінулы аўторак. Днямі аналагічныя работы пачаты на ўчастку працягласцю 4,37 кіламетра дарогі Куршынавічы – Стараселле – Хацяж. Завяршыць іх плануецца ў сакавіку.
Самае істотнае бюджэтнае фінан-саванне будзе накіравана ў бягучым годзе на два аб’екты.
– Папярэдне прыкладна ў сакавіку будзе дадзены старт асфальтаванню 5,5-кіламетровага ўчастка дарогі – пад’езд да вёскі Тухавічы ад аўтадарогі Р-43 да аўтадарогі Р-2/Е85. А бліжэй да канца лета пачнём «апранаць» у асфальт 3,3 кіламетра дарогі Ляхавічы –
Сваятычы. І такім чынам прадоўжым работы, пачатыя мінулай восенню, – гаворыць Максім Муха.
У бягучым годзе дачакаюцца новага асфальту дарогі Ляхавічы – Дамашы, Дарава – Навасёлкі і іншыя.
– Акрамя ДРБУ-200 рамонт і ўлад-каванне будуць праводзіць ДЭУ-24
і ДЭУ-23 на дарогах, замацаваных за гэтымі арганізацыямі. Супрацоўнікі нашага аддзела на працягу года абследуюць стан дарог у раёне, каб выявіць праблемныя моманты. Трымаем на кантролі і ход правядзення ямачнага, бягучага, капітальнага рамонту. Маніторым стан прыпынкаў грамадскага транспарту. І гэта клопат не толькі пра зручнасці для пешаходаў і вадзіцеляў, а і пра бяспеку дарожнага руху, – адзначае начальнік аддзела архі-тэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва ДРБУ-200.

