Белы халат і пагоны. У ваенна-медыцынскім інстытуце вучацца ляхавічане
Сярод тых, хто прысягнуў на вернасць Радзіме і лічыць свята 23 Лютага сваім, і нашы землякі – курсанты ваенна-медыцынскага інстытута трэцякурсніца Вікторыя Навіцкая, другакурсніца Таццяна Кучук і першакурснік Ілья Патраўны.

Нашы маладыя землякі – будучыя абаронцы, ужо зрабілі асэнсаваны выбар і цвёрда крочаць да пастаўленай мэты. Задача інстытута – падрыхтоўка кадравых афіцэраў медыцынскай службы для Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў па спецыяльнасці «лячэбная справа», а прафілізацыя – ваенна-медыцынская справа з паглыбленым вывучэннем воінскіх дысцыплін.
Намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце ваенна-медыцынскага інстытута Ігар Катульскі з задавальненнем расказвае пра выхадцаў з Ляхавіччыны. Асаблівыя словы – пра Вікторыю Навіцкую. Яшчэ калі вучылася ў ляхавіцкай СШ № 1, вызначалася не толькі выдатнай паспяховасцю, але і выніковым удзелам у шматлікіх конкурсах рознага ўзроўню. Не змяняе сваім прынцыпам таленавітая зямлячка і ў інстытуце. Нягледзячы на высокую вучэбную занятасць, Вікторыя за тры гады паспела зарабіць нямала ўзнагарод і набыць важныя статусы, сярод якіх актывістка курса і БРСМ, член навуковага студэнцкага гуртка па ваенна-палявой тэрапіі, пераможца навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў і маладых вучоных «Актуальныя праблемы сучаснай медыцыны і фармацыі» ў 2024 і 2025 гадах, фіналіст рэспубліканскага конкурсу «Курсант года – 2024».
– Актывістка ў спорце, навуцы і іншых галінах, мэтанакіраваны курсант, які з адказнасцю ставіцца да любой задачы. Вікторыя ўжо сяржант, камандзір аддзялення, у яе падначаленні дзясятак курсантаў – у асноўным юнакі, якія прызнаюць яе аўтарытэт. Вікторыя прымае ўдзел у выязных прафарыентацыйных мерапрыемствах. Гэта сведчыць не толькі пра яе арганізатарскія здольнасці, але і пра сапраўдны лідарскі патэнцыял і адказнасць, – падкрэслівае палкоўнік Ігар Катульскі.
Звязаць жыццё з медыцынай Вікторыя Навіцкая вырашыла яшчэ ў школе. З сёмага класа ўдзельнічала ў ваенна-патрыятычных гульнях «Зарніца», «Арляня» і менавіта тады вырашыла стаць не проста ўрачом, а яшчэ і ваенным.
– Дзесяцікласніцай даведалася, што ў ваенна-медыцынскі інстытут аб’явілі першы набор дзяўчынак. Мара спраўдзілася! Разу-
менне воінскага абавязку фарміравалася не за адзін дзень. Пачалося з сям’і, дзе слова «Радзіма» было напоўнена сэнсам маім бацькам – ваенным. Разуменне прадоўжылася ў школе, дзе настаўнікі давалі веды і выхоўвалі адказнасць за даручанае. Воінскі абавязак для мяне – гэта не пра форму і не пра зброю, а пра ўнутраны стан, пра гатоўнасць у любую хвіліну пакінуць свае справы і адправіцца туды, дзе патрэбна твая дапамога. Пра адказнасць за тых, хто побач. Мы вучымся
выратоўваць жыцці. І гэта, мабыць, самая мірная, але адна з самых ганаровых місій абаронцы. Сапраўдная сіла ў тым, каб берагчы жыццё, – дзеліцца наша зямлячка.
Другакурсніца Таццяна Кучук паспявае і вучыцца на высокія балы, і быць у гушчыні грамадскіх падзей. Наша зямлячка падчас навучання ў СШ № 1 мела гонар быць удзельніцай маштабнага беларуска-расійскага праекта «Поезд Памяці» і ўжо тады дэманстравала не толькі эрудыцыю, але і свядомую прыхільнасць інтарэсам Бацькаўшчыны.
– Мне падабаецца вучыцца. Атрымліваем вялікі аб’ём вучэбнага матэрыялу, і гэта цікава. З першага курса ў нас шмат практыкі. Падчас летняй практыкі адпрацоўвалі прыёмы аказання першай дапамогі ва ўмовах створаных баявых дзеянняў. Першыя два курсы вучымся аказваць меддапамогу ў так званых чырвоных і жоўтых зонах, а далей – вучымся аказваць хірургічную дапамогу і многае іншае, – расказвае Таццяна.
Дарэчы, аднымі лекцыямі жыццё курсанта не абмяжоўваецца. Таня двойчы прымала ўдзел у гульнях патрыётаў, якія ладзяцца паміж камандамі медуніверсітэтаў. Наша зямлячка паспяхова выступае ў складзе інстытуцкага танцавальнага калектыву, нязменны ўдзельнік прафарыентацыйных мерапрыемстваў, а яе грамадзянская пазіцыя адзначана падзякай рэктара за папулярызацыю валанцёрскага руху.
– Калі ёсць магчымасць зрабіць нешта карыснае – не трэба чакаць, пакуль хтосьці прыйдзе і зробіць за цябе. Гэта і ёсць дарослае жыццё, – дзеліцца Таццяна Кучук. А на пытанне карэспандэнта «ЛВ» пра разуменне патрыятызму адказвае без лішніх роздумаў:
– Патрыятызм – гэта калі ты не ўяўляеш сябе без нашай роднай беларускай зямлі. Калі пасля доўгай адсутнасці ў цябе перахоплівае дыханне ад выгляду родных лясоў і палёў.
Калі шчыра перажываеш за лёс краіны і ў цябе па-сапраўднаму баліць сэрца, калі тваю Радзіму спрабуюць ачарніць.
Першакурснік Ілья Патраўны пачынае свой шлях у інстытуце, але ўжо сёння перакананы, што ваенная медыцына – прафесія з пры-
званнем. Ілья паспеў праявіць сябе адказным і мэтанакіраваным курсантам і ўпэўнены, што за шэсць гадоў навучання авалодае неабходнымі навыкамі і ўменнямі, каб стаць прафесіяналам высокага класа.
– Медыцына для мяне – магчымасць дапамагаць людзям. А спалучэнне з ваенным напрамкам – шлях служць Радзіме і з гонарам несці званне ваеннага медыка, – адзначае выпускнік гімназіі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

