На варце міру і спакою. Для намесніка камандзіра па ўзбраенні воінскай часці 29969 армія стала не эпізодам у біяграфіі – ладам жыцця

Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь аб’ядноўвае ўсіх,  хто стаіць на варце міру і спакою сваёй краіны, гатовы ахвяраваць сабой дзеля будучыні Беларусі. Не важна, якое званне маюць абаронцы, важна тое, што яны ведаюць пра сапраўднае мужчынскае сяброўства, адказнасць за выкананне загаду і пра тое, якая яна – цана мірнага неба. Гэта дзякуючы ім, людзям у пагонах, мы адчуваем сябе абароненымі.

Свята 23 Лютага аб’ядноўвае пакаленні – ад прадзедаў, якія ваявалі
за Сталінград, да праўнукаў, якія сёння нясуць службу ва Узброеных Сілах Беларусі

Для намесніка камандзіра па ўзбраенні воінскай часці 29969 Міхаіла Каваленкі армія стала не эпізодам у біяграфіі – ладам жыцця. За яго плячыма – больш за два дзесяцігоддзі армейскай службы, багаты вопыт і шчырая адданасць справе. Армейскі шлях нашага земляка – жыхара аграгарадка Дарава – пачаўся з тэрміновай службы на тэрыторыі гэтай жа воінскай часці. Тады гэта быў камандны пункт Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання. Пасля арміі ўладкаваўся на Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній. Здавалася б, вось яна – стабільнасць і мірная прафесія. Але паўгода працы на прадпрыемстве пераканалі: яго месца – ва Узброеных Сілах. Гэта быў свядомы выбар мужчыны, які вырашыў назаўжды звязаць свой лёс з арміяй. Сёння маёр Міхаіл Каваленка – намеснік камандзіра па ўзбраенні, афіцэр, на якога раўняюцца падначаленыя і якога паважаюць калегі.
Прайшоўшы прыступкі кар’ер-най лесвіцы ад салдата да маёра,
ад камандзіра ўзвода да намесніка камандзіра, ён разважае пра змены, якія адбыліся ў арміі за апошнія гады.

Адзначае: хто служыў некалькі дзесяцігоддзяў назад, і тыя, хто ў пагонах зараз, – розныя пакаленні рознай арміі. І размова не толькі пра тэхніку, але і пра ўмовы службы, быту, «росту» салдатаў і мадэрнізацыю ўзбраення.
– На прыкладзе нашай воінскай часці можна ўбачыць, што беларуская армія зрабіла вялікі крок наперад. Паступленне новых узораў тэхнікі і ўзбраення – гэта не проста замена старога на новае, а прынцыпова іншыя магчымасці, эфектыўнасць і бяспека. Раней баявое дзяжурства неслі, што называецца, «не аўтаматызаваным спосабам» – многае залежала ад чалавечага фактару, ад стомленасці, ад увагі. Цяпер працэсы аўтаматызаваны, у тым ліку і тыя комплексы, якія паступілі ў часць. Гэта значыць, што адказныя задачы вырашаюцца больш аператыўна і дакладна.
Беларуская армія сёння – гэта армія новага тыпу. Сучасная, тэхнічна аснашчаная, з дастойнымі ўмовамі службы і надзейнай сацыяльнай падтрымкай. І галоўнае – ваеннаслужачыя гатовы абараняць сваю Бацькаўшчыну ў любы момант, – адзначае наш зямляк.
У арсенале воінскай часці 29969 – сучасная ваенна-спецыяльная тэхніка – мадэрнізаваная, прыстасаваная да сучасных патрабаванняў.
Дзеля выканання задач па прызначэнні пастаянна абнаўляюцца аўтамабільная тэхніка і транспартная група, падтрымліваюцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці, праходзяць планавую мадэрнізацыю комплексы і сродкі ўзбраення.
Але галоўнае ў арміі – людзі, упэўнены Міхаіл Каваленка і гаворыць, што сёння навабранцы ідуць у армію з разуменнем, што гэта чарговы этап іх жыцця, і яго трэба дастойна пераадолець.
У воінскай часці створаны ўмовы, каб салдаты адчувалі сябе камфортна. Харчаванне – як дома, адпаведныя ўмовы пражывання –
тое, што дазваляе не адцягваць увагу на бытавыя праблемы і
цалкам сканцэнтравацца на службе.
– Сёння салдаты больш развітыя фізічна і падрыхтаваныя, чым раней. Яны больш матываваныя, маюць рэальнае ўяўленне пра армію. І ў гэтым вялікая роля ваенна-патрыятычных атрадаў і клубаў, якія
адкрыты ў школах. Навучэнцы яшчэ да службы ў арміі атрымліваюць асновы, разумеюць, што іх чакае. Мы не зачыняем дзверы перад падрастаючым пакаленнем, а запрашаем пазнаёміцца з жыццём сучаснай арміі, паглядзець, як яна «працуе» ў ХХІ стагоддзі, – падкрэслівае афіцэр.
Міхаіл Каваленка неаднаразова ўдзельнічаў у разнастайных вучэннях. У тым ліку – сумесных вучэннях з калегамі з Расійскай Федэрацыі – як на тэрыторыі расійскіх палігонаў, так і на тэрыторыі нашай краіны. Літаральна днямі вярнуўся з чарговых вучэнняў, дзе ваеннаслужачыя адточвалі сваё майстэрства.
Міхаіл Каваленка адзначае, што беларусы не рыхтуюцца да вайны, але важна трымаць порах сухім і быць гатовымі да любога развіцця падзей. Як адзначыў Прэзідэнт падчас праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл, калі будзем умець усё рабіць – будзем жыць, падкрэслівае афіцэр.
Высокі прафесіяналізм Міхаіла Каваленкі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх медалі «За бездакорную службу» ІІ і ІІІ сту-
пеняў, уручаныя міністрам абароны. У 2024 годзе на вучэннях у Ашулуку атрымаў узнагароду за ўмацаванне супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй.
– Служыць Радзіме – ганарова. Удзячны лёсу за магчымасць насіць пагоны і разумець, што за маёй спіной – спакой маёй сям’і і іншых землякоў. Маладым людзям пры выбары прафесій-
нага шляху заўсёды рэкамендую не сумнявацца і ісці на службу ў армію. Армія дае галоўнае – стабільнасць. Ты ведаеш, за што
адказваеш, і ўпэўнены, што твая праца патрэбна, – дзеліцца намеснік камандзіра па ўзбраенні воінскай часці 29969 Міхаіл Каваленка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.