На ўсе 100. У першым месяцы 2026 года жывёлагадоўля Ляхавіччыны выйшла на небывалы ўзровень якасці рэалізаванага на прамысловую перапрацоўку малака

Удзельная вага малака, рэалізаванага гатункамі экстра і вышэйшым, наблізілася да 98 працэнтаў. У параўнанні з мінулым годам зроблены нават не крок, а сапраўдны скачок – лічба студзеня 2025 года аказалася перавышанай адразу на дзевяць пунктаў. І высокі працэнт агульнараённай якасці малака паказвае яшчэ не ўсю прывабнасць работы нашай жывёлагадоўлі ў першым сёлетнім месяцы.
Са 100-працэнтнай якасцю рэалізацыі малака ў мінулым месяцы спрацавалі ААТ «Жарабковічы» і «Нача», СУП «Ліпнянка», ЗАТ «Белпрампрыбор», СВК «Ляхавіцкі».


У параўнанні з 2025 годам і, што выглядае найбольш паказальна, мінулым месяцам найбольшы зрух у павышэнні долі рэалізацыі малака гатункамі экстра і вышэйшым адбыўся ў ААТ «Жарабковічы» і «Нача» – на больш як 12 і 6 працэнтаў адпаведна. Ёсць сэнс узга-
даць у кантэксце тэмы ААТ «Шлях новы» і асцярожна СУП «Белазем’е». Названыя сельгасарганізацыі пакуль, канешне, не дацягваюць да ўзроўню гаспадарак «выдатнай пяцёркі», але апошнім часам, што бачна з прыведзенай табліцы, прымаюць дзейсныя меры ў павышэнні якасці продажу малочнай прадукцыі. Напрыклад, «Шлях новы» за папярэдні год выйшаў на рэалізацыю малака «экстрай» і вышэйшым гатункам у аб’ёме 92 працэнтаў.


Адзначым, што пры ўпаўне сабе нядрэннай якасці жывёлагадоўля раёна прадаўжае дынаміку і па лініі валавой вытворчасці малака. Так, у параўнанні з першым каляндарным месяцам зімы ў студзені-2026 адзначана некаторае зніжэнне вытворчага тэмпу.
Аднак у даным выпадку спасылка на небывалую сцюдзёнасць сёлетняга студзеня не здаецца банальна-дзяжурнай. Але ж і тут у параўнанні з адносна цёплым студзенем папярэдняга года тэмп росту валавой вытворчасці малака раёнам склаў ледзь ці не 106 працэнтных пунктаў.
Што тычыцца сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме студзеньскі экстрэмальны мінус не стаў для шэрага сельскагаспадарчых арганізацый раёна вытворчым плюсам. У параўнанні з апошнім месяцам 2025 года прывагі зменшыліся ў «Белазем’і», «Ліпнянцы», «Шляху новым» і нават у «Ляхавіцкім». Аднак павысіліся, у прыватнасці, у ААТ «Жарабковічы». І на студзеньскім этапе самая вялікая гаспадарка раёна
па ўзроўні сярэдніх сутачных прываг зусім крыху адстае ад нашай самай паспяховай у жывёлагадоўлі – 751 грам у «Жарабковічах» супраць 754 у «Ляхавіцкім».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.