Дваровае возера знікне? У «ЛВ» з просьбай аб дапамозе звярнуліся жыхары д.29 па вул.Інтэрнацыянальнай у Ляхавічах
Чарговы раз у сацыяльных сетках «ЛВ» з просьбай аб дапамозе ўзгадваецца адрас: горад Ляхавічы, вуліца Інтэрнацыянальная, 29. Праблема, якая хвалюе тутэйшых жыхароў, набалелая і даўняя. Справа ў тым, што пасля дажджоў дваровая тэрыторыя шматкватэрніка запаўняецца вадой і нагадвае міні-возера, разлітае па наваколлі. Раней «ЛВ» сумесна з кіраўніцтвам камунгаса выязджаў на месца, разбіраліся ў сітуацыі. Праблема ў тым, што не працуе сістэма ліўнёвай каналізацыі, і гэта непрыемнасць цягнецца
яшчэ з часу будаўніцтва тутэйшых дамоў.
У камунгасе рэкамендавалі па меры неабходнасці выклікаць камунальнікаў, якія адпампуюць ваду з каналізацыйных люкаў. Зразумела, што гэта пытанне не вырашае, а толькі часова яго стабілізуе. І абавязкова патрэбны больш значныя і капітальныя крокі.
І вось сітуацыя паўтараецца. Пасля таго, як пачаў раставаць
снег, двор дома № 29 зноў напоўніўся, нібы басейн.
Жыльцы бліжэйшых дамоў пачалі біць трывогу, звярнуліся за дапамогай і ў раёнку.
– Ведаем пра сітуацыю, што перыядычна ўзнікае ў двары дамоў № 27 і № 29 па вуліцы Інтэрнацыянальнай. У мінулым годзе разам са старшынёй райсавета дэпутатаў Юрыем Чаранкевічам выязджалі на месца, разбіраліся ў праблеме. Сёлета днямі зноў абмяркоўвалі пытанне сумесна з кіраўніцтвам камунгаса. Прапрацоўваюцца розныя варыянты, каб вырашыць праблему з ліўнёўкай. Мерапрыемствы будуць праведзены ў межах добраўпарадкавання, магчыма, ужо сёлета, – пракаментаваў намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк.
Вельмі хочацца спадзявацца, што, у рэшце рэшт, затопленая тэрыторыя перастане быць мокрай візітоўкай двароў дамоў № 27 і № 29 па вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Галіна КАНЬКО.


