Агонь не даруе абыякавасці
Не праходзіць дня, каб на тэрыторыі Брэстчыны не рэгістраваліся пажары. Па стане на 20 лютага ў вобласці зафіксаваны 204 вогненныя здарэнні (летась – 137). На жаль, нярэдкія выпадкі, калі ў агні гінуць людзі, у тым ліку дзеці. Сёлета загінулі 28 чалавек (у 2025-м – 23).
Не абыходзяць вогненныя здарэнні і Ляхавіччыну.

– Па стане на 23 лютага на тэрыторыі раёна зарэгістравана 10 пажа-
раў, што на сем больш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд, на пажары ў Задвор’і загінулі два чалавекі. Сёлета ўсе пажары адбыліся ў жыллёвым фондзе. Нягледзячы на тое, што істотна ўзмацнілася прафілактычная работа з боку супрацоўнікаў РАНС і міжведамасных груп, якія абследуюць дамы і кватэры жыхароў раёна, пажары па-ранейшаму маюць месца. У разрэзе сельсаветаў найбольш пажараў сёлета адбылося ў Жарабковіцкім сельсавеце – тры. Дарэчы, менавіта па гэтай тэрытарыяльнай адзінцы зарэгістраваны і найбольшы прырост – 300 працэнтаў. У зімовы перыяд асноўная частка пажараў звязана з ацяпляльнымі прыборамі. У шасці выпадках прычына надзвычайнай сітуацыі – парушэнне правілаў мантажу ці эксплуатацыі печаў і цеплагенерыруючых апаратаў. Менавіта прафілактыка – асноўная магчымасць папярэдзіць пажар. Таму яшчэ больш узмацняем менавіта гэты напрамак работы. З 26 лютага па
2 сакавіка ў Альхоўскім і Навасёлкаўскім сельсаветах пройдзе акцыя «Дом без пажару». Пільная ўвага – адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам, а таксама грамадзянам, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць алкаголем, – адзначае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Калі прааналізаваць прафілактычную работу, што праводзілася сёлета, то атрымаецца ўнушальны пералік. Абследавана больш за 580 дома-
ўладанняў. У полі зроку апынуліся 81 мнагадзетная сям’я, 329 адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян і інвалідаў, 125 грамадзян,
схільных да злоўжывання алкаголем. Мерам пажарнай бяспекі праінструктавана 782 чалавекі, для ўхілення выяўленых парушэнняў прапанавана больш за 150 супрацьпажарных мерапрыемстваў. Адносна грамадзян, якія сістэматычна парушаюць правілы пажарнай бяспекі, складзены 23 адміністрацыйныя пратаколы. Усяго ва ўстановах і арганізацыях Ляхавіччыны праведзена 260 пажарна-прафілактычных мерапрыемстваў.
Не менш важнае значэнне маюць мерапрыемствы па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання ў домаўладаннях найбольш уразлівых катэгорый землякоў. З гэтай мэтай сёлета матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва выдаткавана пяці жыхарам раёна на рамонт пячнога ацяплення, замену электраправодкі, набыццё аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Канешне, усе прымаемыя меры прафілактыкі прыносяць свой плён. Але, напэўна, неабходна больш увагі з боку кожнага з нас як да сваіх родных і блізкіх пажылога ўзросту, так і да адзінокіх людзей, якія жывуць побач. Лепш папярэдзіць бяду, чым потым спасылацца на тое, што недаглядзелі, не заўважылі. Агонь не даруе абыякавасці.
Галіна КАНЬКО.

