«Трэба пісаць ад сэрца». Напярэдадні асабістага юбілею – 60-годдзя – беларускі пісьменнік Алесь Бадак сустрэўся з землякамі-ляхавічанамі
Бываюць сустрэчы, якія захопліваюць, заварожваюць з першых хвілін. І нават не заўважаеш, наколькі хутка пралятае час, бо ўсё, што адбываецца, – цікавае, змястоўнае і натхняльнае. Менавіта такая сустрэча пад назвай «Зямляк. Пісьменнік. Юбіляр» прайшла ў ляхавіцкай купалаўцы. Госць сустрэчы, у якой удзельнічалі дарослыя і школьнікі, – наш таленавіты зямляк Аляксандр Бадак.
У сучаснай беларускай літаратуры ён добра вядомы як Алесь Бадак –
празаік, паэт, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, перакладчык. А яшчэ ён дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яркая творчая асоба – кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты купідон», Прэміі СНД «Зоркі Садружнасці».

Алесь Бадак – аўтар паэтычных зборнікаў «Будзень», «За ценем самотнага сонца», «Маланкавы посах». Ёсць у яго і дзіцячыя кнігі –
«Маленькі чалавек у вялікім свеце», «Верабей з рагаткай»,
«Незвычайнае падарожжа ў краіну Ведзьмаў». Менавіта Алесь Бадак стварыў пазнавальную серыю «Усім пра ўсё», у якую ўвайшлі кнігі «Расліны», «Жывёлы», «Птушкі», «Насякомыя», «Водны свет». Напэўна, не ўсе ведаюць, што словы да такіх у свой час вельмі папулярных песень, як «Заварожаная фея», «Іншапланецянка», «За зялёным гаем» і іншых напісаў менавіта наш зямляк.
Першая папулярнасць да 12-гадовага хлопца з вёскі Туркі прый-шла ў 1978-м – вершы Аляксандра Бадака ўбачылі свет у раённай газеце «Будаўнік камунізму», а праз год друкаваліся ў рэспубліканскай газеце «Піянер Беларусі». Як жа цікава Аляксандр Мікалаевіч расказваў пра тое, як у Ляхавічах у дзіцячай бібліятэцы яму дазвалялі набіраць вершы на друкарскай машынцы. А яшчэ сярод дзіцячых успамінаў – моманты, калі Саша Бадак разам з іншымі ляхавічанамі-кнігалюбамі літаральна ўрываўся ў дзень прывозу ў кнігарню, што знаходзілася на вуліцы 17-га Верасня, каб купіць чарговую партыю кніг.
Прыемна, што з ляхавіцкай раёнкай у Алеся Бадака таксама нямала звязана.

– У маёй працоўнай кніжцы першае месца працы – раённая газета «Будаўнік камунізму», дзе я працаваў карэспандэнтам тры месяцы пасля службы ў арміі і да пачатку вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Колішні рэдактар раёнкі Вікенцій Шталь, які ведаў мяне яшчэ школьнікам, калі я падпрацоўваў у раёнцы, прапаноўваў мне нават перавесціся на завочнае і працаваць у газеце, набірацца вопыту. Памятаю, як арганізаваў на раённым радыё канцэрт па заяўках. У «Будаўніку камунізму» выбіраў лепшых у розных прафесіях і віншаваў іх па радыё, якое вёў. Потым давялося папрацаваць і радыйшчыкам – вёў перадачы на розныхканалах беларускага радыё. Хто ведае, каб не стаў літаратарам, магчыма, працаваў бы журналістам, – адзначае Аляксандр Бадак.
Увогуле, з цеплынёй Аляксандр Мікалаевіч узгадвае усё, што звязана з малой радзімай: родную вёску Туркі, блізкіх і сваякоў, сваіх настаўнікаў і аднакласнікаў па Федзюкоўскай сярэдняй школе.
‒ Што б цябе ні звязвала з іншымі мясцінамі, якія б цудоўныя краявіды там ні былі, даражэй за Бацькаўшчыну ўсё роўна няма нічога. Для мяне самае важнае слова – дом, прычым у самым шырокім сэнсе. Я шмат гадоў жыву ў Мінску, але душой заўжды тут, на Ляхавіччыне, – сцвярджае Аляксандр Бадак.
Разважаючы пра сучасную айчынную літаратуру, Аляксандр Бадак з упэўненасцю адзначыў, што няма дэфіцыту добрай літаратуры, сярод маладых паэтаў і празаікаў дастаткова таленавітых і творчых. Напрыклад, раман Вікторыі Кляўко «Вырай» перадрукоўваўся
не адным тыражом і на рускай, і на беларускай мовах.
– Не баяцца пачынаць. Калі адчуваеш, што словы просяцца ў вершаваныя радкі, не бойся, пішы, складай. Не саромейся паказваць напісанае таму, хто можа нешта падказаць, ацаніць і нават пакрытыкаваць. Неабходна верыць у сябе, свае сілы і ў тое, што робіш. І галоўнае, незалежна ад таго, проза ці паэзія, трэба пісаць ад сэрца, – наказ майстра слова пачынаючым аўтарам.
Сімвалічна, што сустрэча з Алесем Бадаком адбылася падчас тыдня роднай мовы, і не дзіўна, што зацікаўлены дыялог ішоў па-беларуску. Гучалі вершы Алеся Бадака ў выкананні аўтара і гасцей. Не толькі ляхавічане, але і госці з Баранавічаў чыталі свае вершы, спявалі, задавалі пытанні. Усе жадаючыя змаглі сфатаграфавацца з госцем і ўзяць аўтограф… А яшчэ знакаміты зямляк перадаў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме свае кнігі, перакладзеныя на сербскую, таджыкскую, азербайджанскую і нават кітайскую мовы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

