У якім сезоне «вырасце» асфальт? Агульная плошча абноўленых дарог на 2026 год у Ляхавіцкім раёне складзе амаль 26 700 квадратных метраў
Нават самы прыдзірлівы жыхар райцэнтра не можа
не адзначыць істотнае дарожнае абнаўленне, якое ў апошнія гады закранула гарадскія вуліцы і завулкі. У асфальт «апрануліся» ўчасткі дарог, якія даўно чакалі такіх абновак, – сталі больш уладкаванымі, камфортнымі і для пешаходаў, і для тэхнікі.
І гэта далёка не завяршальны акорд гарадскога дарожнага марафету.

– Бягучая пяцігодка пазначана чарговымі аб’ектамі добраўпарадкавання дарожнай інфраструктуры. Прыярытэт «Стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця» Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады прадугледжвае паляпшэнне стану дарог згодна з дзяржаўнай праграмай «Дарогі Беларусі». У нашым райцэнтры таксама плануецца вырашыць шэраг задач у гэтым важным напрамку. У прыватнасці, будуць нарошчаны аб’ёмы бягучага рамонту аўтадарог агульнага карыстання. Па меры паступлення фінансавання будуць удакладняцца планы і графікі правядзення дарожных работ, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Зразумела, планы на пяцігодку – гэта добрая перспектыва. А што чакаць жыхарам райцэнтра сёлета ў пытанні добраўпарадкавання гарадскога дарожнага пакрыцця?
– На балансе Ляхавіцкай ЖКГ знаходзіцца 58,5 кіламетра дарог, усе яны ў райцэнтры. У 2026 годзе з абласнога бюджэту выдаткавана 1,5 мільёна рублёў на бягучы рамонт гарадскіх вуліц Русінавіцкай, Кветкавай, Кальцавой, Арлоўскага, Дружнай, Спартыўнай, Ручайнай, Кастрычніцкай, завулкаў Тэхнікумаўскага, Яблыневага, Шасэйнага, Дружнага, Першамайскага. Агульная плошча абноўленых дарог складзе амаль 26 700 квадратных метраў. Самыя вялікія аб’ёмы
дарожнага абнаўлення чакаюць вуліцу Дружную (4 290 квадратных метраў), вуліцу Кастрычніцкую (3 825 квадратных метраў), вуліцу Кальцавую (3 356 квадратных метраў). Работы па асфальтаванні пройдуць сёлета ў другім і трэцім кварталах. Звярнуся да ляхавічан.
Калі вы плануеце работы па пракладцы інжынерных сетак водазабеспячэння, водаадвядзення, газазабеспячэння і іншыя
ад магістральных сетак да жылых дамоў, у выпадку, калі межы работ знаходзяцца ў зоне асфальтавання, работы неабходна завяршыць да пачатку асфальтавання.
Больш дакладную інфармацыю пра тэрміны асфальтавання, а таксама дазвол на правядзенне земляных работ можна атрымаць у камунгасе па адрасе: г. Ляхавічы, вул. Южакова, 19, кабінет № 18 ці па тэлефоне 6-43-38. Што тычыцца заявак на прафіляванне, грэйдзіраванне дарог, то па гэтых пытаннях можна звяртацца ў прыёмную камунгаса ў будні з 8 да 13 і з 13 да 17 гадзін па нумары 6-09-48, – адзначае намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталій Калупановіч.
Галіна КАНЬКО.

