У чатырохлапых – правы, у гаспадароў – абавязкі

У студзені мінулага года ўступіў у дзеянне Закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Дакумент накіраваны на абарону жывёлы ад жорсткага абыходжання і ў той жа час на абарону людзей, чые інтарэсы, правы і бяспека могуць быць парушаны пры абыходжанні з жывёлай. Праект закона прайшоў грамадскае абмеркаванне: беларусы пакінулі больш за дзве тысячы сваіх пажаданняў на профільным сайце. Варта ўзгадаць, што з’яўленню дакумента папярэднічала значная і працяглая работа, якая доўжылася не адно дзесяцігоддзе.

Тым не менш, асобныя патрабаванні закона аб адказным абыходжанні з жывёламі прадаў-жаюць абмяркоўваць, і спрэчак выклікаюць нямала. Даволі многа сапраўдных сяброў братоў нашых меншых, якія не толькі клапоцяцца пра сваіх гадаванцаў, у прыватнасці, сабачак і коцікаў, але і не абыхо-дзяць бокам увагай чатырохлапых, якія па розных прычынах апынуліся на вуліцы. Не сакрэт, што нярэдкія выпадкі, калі бадзяжнай жывёла становіцца пасля таго, як яе з дома ці кватэры выкінулі людзі, калі іх так можна назваць. А які рэзананс кожны раз выклікаюць выпадкі
жорсткага абыходжання з жывёлай – такі супрацьпраўны «прыклад» паказваюць падрастаючаму пакаленню дарослыя.
Нельга не звярнуць увагу на яшчэ адну праблему. У горадзе і сельскіх населеных пунктах па-ранейшаму востра стаіць пытанне бадзяжных і не толькі сабак. Неадзінкавыя выпадкі, калі сабакі з ашыйнікамі палохаюць людзей, накідваюцца, наносяць фізічную шкоду іншым жывёлам.
– Асноўны нарматыўны прававы акт, які рэгулюе пытанні ўтрымання сабак і катоў, – пастанова Савета Міністраў № 834 «Аб зацвярджэнні Правілаў утрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь». У прававым акце ўлічваецца як непасрэдна абарона жывёлы ад жорсткіх адносін з боку чалавека, так і бяспека грамадзян, недапушчэнне нанясення ім шкоды жывёлай, а таксама абарона ад інфекцыйных захворванняў, носьбітамі якіх могуць з’яўляцца каты і сабакі, – падкрэслівае галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Наталля Маслоўская.
Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук удакладняе:
адказнасць за парушэнне правілаў утрымання, жорсткае абыходжанне з жывёлай, згодна з часткай 2
артыкула 16.30 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжвае штраф у памеры ад адной да 15 базавых велічынь. Такое ж парушэнне, якое стала прычынай нанясення шкоды здароўю людзей ці пашкоджання маёмасці – штраф у памеры ад 10
да 30 БВ, грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт.

А згодна з пунктам 2 артыкула 12 Закона аб адказным абыходжанні з жывёламі, гаспадар жывёлы павінен прымаць неабходныя меры бяспекі для папярэджання нанясення жывёлай, якая яму належыць, шкоды жыццю ці здароўю фізічных асоб і жывёлы, а таксама маёмасці.