Калі дарожная бяспека – прафесія. «ЛВ» пра адзіную жанчыну-дзяржаўтаінспектара на Ляхавіччыне

Ёсць такая прафесія – абараняць грамадскі правапарадак і бяспеку. І гэта прафесія – супрацоўнік органаў унутраных спраў. У Год беларускай жанчыны, у Дзень міліцыі і напярэдадні Дня жанчын «ЛВ» расказвае пра тых, хто, насуперак стэрэатыпам, кожны дзень даказвае, што служба ў міліцыі – і жаночая справа, і што пагоны не толькі да твару, але і па плячы. Усяго ў Ляхавіцкім РАУС працуюць 14 жанчын, шэсць з іх – афіцэры, прычым тры маюць званне маёра міліцыі.
Няхай і не адразу, але ўсё ж мары збываюцца. Галоўнае – імкнуцца да пастаўленай мэты. У гэтым цвёрда пераканана капітан міліцыі старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы АДАІ РАУС Ганна Чаранкевіч (на здымку). Яна – адзіная жанчына-дзяржаўтаінспектар
на Ляхавіччыне.

– Яшчэ з дзяцінства ўяўляла сябе ў міліцэйскай форме. Так атрымалася, што па стане здароўя не змагла паступіць у Акадэмію МУС, таму выбрала спецыяльнасць правазнаўцы, якую атрымала
ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Тым самым зрабіла першы крок да таго, каб мара стала рэальнасцю. З дыпломам юрыста
ўладкавалася ў якасці грамадзянскага служачага ў групу інфармацыйнага забеспячэння Ляхавіцкага РАУС. Было гэта ў 2017 годзе. А яшчэ праз год прапанавалі службу ў аддзяленні дзяржаўтаінспекцыі. Ад такой прапановы не змагла адмовіцца. Люблю сваю службу і ганаруся ёю, як і тым, што працую на сваёй малой радзіме, – расказвае Ганна Чаранкевіч.
Работа інспектара па адміністрацыйнай практыцы, на першы погляд, папяровая. Але Ганна з такім не згодная:
– Так, значны ўчастак – афармленне і праверка дакументаў – рыхтую пратаколы адміністрацыйных правапарушэнняў для далейшага разгляду, заношу іх у аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму ДАІ МУС і іншае, але не менш важная і непасрэдная работа з людзьмі, якія прыходзяць за даведкамі. Даводзіцца быць псіхолагам, умець выслухаць і даступна растлумачыць. Без уважлівасці і індывідуальнага падыходу не абысціся.
Служба ў Ганны Чаранкевіч не толькі кабінетная. Як і ўвесь асабовы склад АДАІ, яна дзяжурыць на дарозе – правярае дакументы ў вадзіцеляў, сочыць за тым, як выконваюць Правілы дарожнага руху ўсе яго ўдзельнікі. Адзначае, што цяпер вадзіцелі і пешаходы сталі больш дысцыплінаванымі. Расказвае: калі вадзіцелі бачаць жанчыну ў міліцэйскай форме, ветліва ўсміхаюцца, што, канешне, прыемна. Дарэчы, пра форменнае адзенне, якое, па словах Ганны Чаранкевіч, яна вельмі любіць, – форма ёй пасуе. У гэтым можна ўпэўніцца, калі паглядзець і на сённяшнія фота, і вярнуцца ў 2018 год, калі Ганна (тады яшчэ Піліпчык) стала адной з гераінь праекта раёнкі – «На подыум «ЛВ» запрашаецца».
З пашанай і павагай Ганна Чаранкевіч гаворыць пра
асабовы склад Дзяржаўтаінспекцыі, у якім сем чалавек, шасцёра з якіх – прадстаўнікі моцнай паловы:
– У нас вельмі зладжаны і дружны калектыў. Узаемавыручка і дапамога – гэта пра нас. Служыць у такіх умовах і з такімі надзейнымі калегамі камфортна, а таму вынікова, – упэўнена капітан міліцыі. У прафесіі ўсё атрымліваецца. А пасля службовых
будняў яна вяртаецца да сваёй галоўнай ролі – любячай і клапатлівай мамы шасцігадовага Мацвея і трохгадовага Давіда. Дарэчы, малодшы сын ужо аб’явіў, што будзе міліцыянерам – як мама.

