Уважлівасць – жаночая зброя. Старшы інспектар КВІ Ляхавіцкага РАУС: «Ганаруся што маю дачыненне да такой адказнай і важнай прафесіі»
Дысцыплінаванасць, адказнасць, пастаяннае самаўдасканаленне, пазітыўны настрой і ўважлівасць – усё гэта дапаможа быць сапраўдным прафесіяналам у міліцэйскай справе.

Маёр міліцыі Таццяна Шкода служыць у Ляхавіцкім РАУС, дакладней – у крымінальна-выканаўчай інспекцыі, з 2017 года. Перавялася сюды пасля дзевяці гадоў работы кантралёрам унутранай службы ў следчым ізалятары горада Баранавічы.
– Я знайшла сваё прызванне на службе аховы правапарадку. 18 гадоў
служу ў міліцыі. Ганаруся, што маю дачыненне да такой адказнай і
важнай прафесіі, – расказвае Таццяна Шкода.
У Таццяны адзін з самых нежаночых участкаў. Служба ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, прама скажам, не для слабанервовых. Яе кантынгент – асобы, асуджаныя да пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, а таксама тыя, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, тыя, адносна каго ўстаноўлены ці можа быць устаноўлены прэвентыўны нагляд. Зараз на ўліку ў КВІ знаходзіцца каля 200 чалавек. Не цяжка здагадацца, што падапечныя – людзі розныя, часта – складаныя, а іншы раз і ўвогуле з кагорты тых, хто не паддаецца перавыхаванню. Таццяна Шкода ўпэўнена, што неабходна
хаця б паспрабаваць знайсці падыход, накіраваць на правільны шлях ці ўтрымаць паводзіны ў межах закону. Ёсць выпадкі, калі нават пасля адбыцця пакарання за асабліва цяжкае злачынства чалавек кардынальна мяняе сваё жыццё і становіцца на шлях выпраўлення.
– Безумоўна, хвалявалася, калі ішла працаваць у крымінальна-выканаўчую інспекцыю, аднак, як толькі пераступіла парог аддзялення, зразумела – усё атрымаецца. Бо вопытныя супрацоўнікі прынялі добразычліва, растлумачылі спецыфіку работы. Ды і настаўнік у мяне быў выдатны – сапраўдны прафесіянал Мікалай Смаршчок, удзячна яму за дапамогу і падказкі. Дзякуючы гэтаму я адчуваю сябе і цяпер дастаткова ўпэўнена. Увогуле
калектыў РАУС і тады, і цяпер – сапраўдны сплаў прафесіяналізму, дзе заўжды можна спадзявацца на дапамогу. Тым больш, наша служба
цесна ўзаемадзейнічае і з іншымі падраздзяленнямі РАУС, – расказвае старшы інспектар КВІ.
Бясспрэчна, у нялёгкай службе дапамагае важкая жаночая зброя – абаяльнасць, шчырасць і ветлівая ўсмешка, а таксама ўважлівасць, адказнасць і працавітасць. За добрасумленную службу, высокі прафесіяналізм Таццяна Шкода ўзнагароджана медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені, на яе рахунку шматлікія граматы і пісьмы падзякі. Дарэчы, і маці Таццяны атрымала Падзяку ад міністра ўнутраных спраў за дастойнае выхаванне дачкі.
Акрамя міліцэйскай службы, ёсць у Таццяны яшчэ адна галоўная роля – сямейная, яна жонка і мама. На пытанне, ці лёгка сумяшчаць сям’ю са службай у праваахоўных органах, Таццяна адказвае:
– Галоўная апора – муж Сяргей, ён таксама служыць – ва ўнутраных
войсках, таму разумее і падтрымлівае мяне, як ніхто іншы. І наш галоўны гонар, радасць, надзея – 14-гадовы сын Міраслаў – творчы, таленавіты, а яшчэ выхаванец ваенна-патрыятычнага клуба. Для мяне сям’я – сапраўднае месца сілы, тут я адпачываю і фізічна, і душой. Ведаю, што заўжды атрымаю падтрымку і разуменне і ў мужа, і ў сына, – сцвярджае Таццяна Шкода. Яна ўпэўнена, што і дома, і на службе пры падтрымцы блізкіх ёй па сілах любая справа. Бо жанчына ў форме – гэта цудоўны і зусім не слабы пол.

