У адзінстве веры і дабра. Дзеці, моладзь, дарослыя, прадстаўнікі духавенства сабраліся на традыцыйным сёлета чацвёртым па ліку Серафімаўскім фестывалі духоўнай творчасці

Нішто так не аб’ядноўвае людзей, як агульныя інтарэсы і любоў да сваёй Радзімы. І ў мінулую нядзелю не толькі жыхары Ляхавіччыны, але і госці з іншых рэгіёнаў краіны прадэманстравалі дух адзінства, аб’яднаны верай. Вечарам 13 верасня каля храма Узвіжання Крыжа Гасподня ў Ляхавічах было шматлюдна, песенна, натхнёна, цікава і прыгожа. Дзеці, моладзь, дарослыя, прадстаўнікі духавенства сабраліся на традыцыйным сёлета чацвёртым па ліку Серафімаўскім фестывалі духоўнай творчасці. Арганізатар мерапрыемства, якое праводзіцца для павышэння ўзроўню духоўна-патрыятычнага выхавання землякоў, – Брацтва Серафіма Жыровіцкага.

– Рады вітаць усіх, незалежна ад узросту і веравызнання на Серафімаўскім фестывалі, які сёлета прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння нашага земляка прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага і Ляхавіцкага, які нарадзіўся і вырас на Ляхавіччыне ў вёсцы Вялікае Падлессе. Святы Серафім у мінулым стагоддзі зай-маўся духоўнай асветай насельніцтва беларускіх земляў. 28 кастрычніка 1999 года свяшчэнным Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы па благаславенні Найсвяцейшага Патрыярха
Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ архімандрыт Серафім Шахмуць быў прылічаны да ліку 23 мясцовашанаваных навамучанікаў зямлі беларускай. А для нас, землякоў, Серафім Жыровіцкі – заступнік зямлі ляхавіцкай. Таксама мерапрыемства арганізавана для павышэння ўзроўню духоўна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення і прысвячаецца Году беларус-кай жанчыны, – адзначае кіраўнік Брацтва Серафіма Жыровіцкага Серафім Жытко.
Фестываль блаславіў і прыняў у ім удзел епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій. Святочныя ўрачыстасці пачаліся з малеб-на ў царкве Узвіжання Крыжа Гасподня, які правялі Епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій, а таксама благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко, іншыя свяшчэннаслужыцелі. Чарговай узнагароды за богаслужэнне ўдастоены протаіерэй Георгій Жытко і іерэй Сяргей
Кузняцоў. Адзначаны і тыя землякі, хто актыўна дапамагае Брацтву Серафіма Жыровіцкага ў арганізацыі і правядзенні разнастайных мерапрыемстваў, удзельнічае ў іх. Неаднойчы адзначалася, што раённая ўлада актыўна супрацоўнічае з праваслаўнай царквой, садзейнічае правя-дзенню разнастайных сумесных мерапрыемстваў, гаварыў намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк, вітаючы ўдзельнікаў свята.
Фестывальная праграма, як заўжды, насычаная і разнастайная. Кожны, хто гэтым вечарам завітаў сюды, знайшоў для сябе нешта хвалюючае, захапляльнае, цікавае. Колькі натхнення, шчырасці было ў выступленнях мастацкіх калектываў. Фестываль стаў пляцоўкай для сустрэчы розных пакаленняў. Сярод гасцей – кадэты Мінскага і Брэсцкага кадэцкіх вучылішчаў, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў Ляхавіччыны, члены мотасуполкі «Першы рэгіён Баранавічы». Юныя землякі ўдзельнічалі ў квэст-гульні, спартыўна-забаўляльных конкурсах і атракцыёнах.
Спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы для розных узростаў, віктарыны былі прадугледжаны і для дарослых удзельнікаў праваслаўнага фестывалю.
Нямала зацікаўленых землякоў спыняліся каля маляўнічых інфармацыйных стэндаў аб праваслаўных святынях Беларусі, каб пазнаёміцца з гісторыяй нашай Радзімы. Выставы прыкладной творчасці зацікавілі гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Арганізатары мерапрыемства паклапаціліся пра ўсё. Прапанавалі пакаштаваць смачную кашу на салдацкай кухні і прадэгуставаць розныя прысмакі, прыгатаваныя з любоўю.
Да сустрэчы на юбілейным пятым Серафімаўскім фестывалі духоўнай творчасці.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.