Бясцэннасць беларускага шчасця
Пяць гадоў назад, у першы Дзень народнага адзінства, прымаючы ўдзел у грандыёзным форуме патрыятычных сіл «Сімвал адзінства», Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значэнне новага свята для ўсіх беларусаў:
«Гэта нашая гістарычная памяць. Памяць, якая звязвае разам людзей і эпохі, перадае вопыт і перасцерагае ад фатальных памылак. Уся гісторыя часам цяжкага і драматычнага шляху Беларусі да здабывання і захавання сваёй дзяржаўнасці не раз пацвярджала найстаражытнейшую мудрасць, што сіла ў адзінстве».

З ГІСТОРЫІ АДЗІНСТВА
Адно з самых маладых святаў Беларусі – Дзень народнага адзінства. Афіцыйная дата 17 верасня была ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 7 чэрвеня 2021 года.
17 верасня – пачатак вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў
1939 годзе па вызваленні беларускіх земляў ад польскай акупацыі. Дзень 17 верасня стаў актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, раздзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора.
Жыццё на Ляхавіччыне пасля падзей у верасні 1939 года атрымала штуршок для развіцця.
Па стане на пачатак 1940 года ў Ляхавіцкім раёне арганізаваны два калгасы: у Жарабковічах і Гулічах. Працавала машынна-трактарная станцыя на тэрыторыі былога маёнтка Ганчары.
У Ляхавіцкім раёне пачаў наладжвацца гандаль. У раёне налічвалася сем сельпо і адно гарпо, 36 кааператыўных лавак, дзве сталовыя, чатыры хлебапякарні.
Развівалася і медыцына: арганізаваны тры бальніцы – у Ляхавічах, Крывошыне, Востраве. Дзейнічалі пяць урачэбных участкаў – у Ляхавічах, Крывошыне, Востраве, Дараве, Мядзведзічах і фельчарска-акушэрскі пункт.
Значна павялічылася колькасць школ. Працавалі 76 школ, з якіх 73 – беларускія, па адной яўрэйскай, рускай і польскай. Было 50 хат-чытальняў і чырвоных куткоў.
Адна з вуліц нашага райцэнтра называецца 17 Верасня.
Вячаслаў СЕЛЬМАНОВІЧ, ляхавічанін, дэлегат першага і пятага Усебеларускага народнага сходу, дацэнт кафедры БарДУ:
– Дзень народнага адзінства – маладое дзяржаўнае свята, але яго важнасць вымяраецца не колькасцю гадоў. Яно жыве ў душы і сэрцы кожнага з нас, беларусаў. Нездарма адна з вуліц у Ляхавічах носіць назву 17 Верасня. Гэта знамянальная дата, якую сёння адзначае ўся краіна. Менавіта тады ў верасні 1939-га аб’ядналіся Заходняя Беларусь з БССР.
Асаблівая важнасць гэтага дня заключаецца ў асэнсаванні трагічных старонак мінулага. Падзел тэрыторыі па Рыжскім мірным дагаворы 1921 года разарваў нацыянальнае адзінства, падзяліў сем’і і культурную прастору. Свята вучыць галоўнаму: раз’яднанасць аслабляе краіну, робіць яе ўразлівай перад знешнімі пагрозамі, у той час як адзінства – гэта залог выжывання і развіцця нацыі. Заснаванне свята Дня народнага адзінства – ініцыятыва Кіраўніка дзяржавы, акт гістарычнай справядлівасці.
Адзінства пачынаецца з добрасумленнай працы на карысць сваёй сям’і. І вынік гэтай працы абавязкова адлюструецца ў маштабе ўсёй краіны. Сённяшняе адзінства – вынік карпатлівай працы многіх пакаленняў. Каб народ быў згуртаваным, ён павінен трымацца вакол адзінай думкі, адзінай лініі, якую праводзіць дзяржава для народа.
Адзінства – яно і ў шанаванні і павазе свайго прозвішча, роду, сваіх бацькоў. Бацькі заўжды стараюцца дзеля сваіх дзяцей! Гэта ж тычыцца і дзяржаўнага клопату: паглядзіце, як і колькі ў нас робіцца для нас, для народа. І народ павінен паводзіць сябе адпаведна – адказна, нераўнадушна. Адзінства якраз і прадугледжвае, што нам неабходна быць дружнымі, разам супрацьстаяць знешнім выклікам. Асабістым прыкладам, сваімі паводзінамі, адносінамі мы павінны паказваць тое, да чаго хочам, каб прыйшлі нашы дзеці і ўнукі.

