Дарослыя, скажыце дзецям… У Ляхавічах прайшла зацікаўленая размова на раённым бацькоўскім НЕсходзе «Скажыце дзецям…»
Усё пачынаецца з сям’і. Ад таго, наколькі цёплыя і даверлівыя адносіны паміж усімі членамі сям’і, залежыць, ці будуць шчаслівымі нашы дзеці. І з гэтым цяжка не згадзіцца

Але не толькі сям’я ў адказе за выхаванне падрастаючага пакалення. Значная выхаваўчая работа праводзіцца ва ўстановах адукацыі, актыўна ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць разнастайныя зацікаўленыя службы, грамадскія аб’яднанні. Як бы банальна ні гучала, толькі аб’яднаўшы намаганні, можна выхаваць сапраўдных грамадзян сваёй краіны.
Пра выхаванне, узаемаразуменне паміж старэйшымі і малодшымі пакаленнямі, пра бяспеку нашых дзяцей ішла зацікаўленая размова на раённым бацькоўскім НЕсходзе «Скажыце дзецям…», які адбыўся напрыканцы лютага ў ГДК. Педагогі з усіх устаноў адукацыі, прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці, супрацоўнікі праваахоўных органаў і райаддзела па надзвычайных сітуацыях, медыкі, псіхолагі, свяшчэннаслужыцелі сталі ўдзельнікамі па-сапраўднаму адкрытай размовы пра самае галоўнае – пра нашых дзяцей. Падчас зацікаўленага дыялогу абмяркоўваліся важныя і актуальныя тэмы, пра якія дарослыя павінны размаўляць з дзецьмі.
Намеснік дырэктара па выха-ваўчай рабоце СШ № 2 Наталля
Кудраўцава адзначыла, што апошнім часам здараюцца выпадкі так званых уцёкаў падлеткаў з сям’і. І гэта не што іншае, як спроба ўцячы ад праблем і адначасова –
крык аб дапамозе. Пра тое, як важна аператыўна пачаць вышуковыя мерапрыемствы, што зрабіць бацькам, калі дзіця знікла з дому, расказала кіраўнік пошукава-выратавальнага атрада «Арыенцір» Марыя Скідан.
Ні адно дзіця не павінна расці ў адзіноцтве – асноўная тэма выступ-
лення педагога-псіхолага Марыны Грыкель, якая растлумачыла, як правільна выбудоўваць сістэму ўзаемаадносін у сям’і.
Яшчэ адна тэма парадку дня – бяспека дзяцей. У чарговы раз пра неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі, папярэджанне гібелі і траўмавання дзяцей гаварыў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч. Даводзіцца канстатаваць, расце і колькасць непаўналетніх, якія становяцца ахвярамі злачынстваў, учыненых з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. На тым, як абараніць дзяцей і падлеткаў ад негатыўнага ўплыву інтэрнэту і што зрабіць, каб яны не трапілі на вудачку кіберзлачынцаў, спыніўся старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Мікіта Біза. На жаль, нікуды не знікла і праблема падлеткавага алкагалізму. На пытанні, які негатыўны ўплыў на дзіцячы арганізм аказвае алкаголь, якія прыкметы ўказваюць на тое, што падлетак стаў ужываць спіртныя напіткі, адказала ўрач-нарколаг Ляхавіцкай райбальніцы Ірына Сайко.
Для бацькоў няма нічога больш каштоўнага, чым дабрабыт і бяс-пека іх дзяцей, – гэта аксіёма. Хлопчыкі і дзяўчынкі павінны выхоўвацца ў атмасферы любві, шчасця, дабрыні і спагады. І ўсё ж неўладкаваных сем’яў хапае. Як зберагчы дзяцей ад безнагляднасці, якую адказнасць нясуць бацькі за неналежнае выхаванне дзяцей, патлумачыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Мацкевіч. Слушнымі сталі парады іерэя Сяргея Кузняцова,
як выкараніць брыдкаслоўе ў падлеткавым асяроддзі і ўвогуле ў грамадстве.

Намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко адзначыла:
– Менавіта ў сям’і закладваюцца асновы паводзін. Каб забяспечыць шчаслівае дзяцінства, пастарацца трэба ўсім. Дзяржава прыкладае значныя намаганні дзеля ўмацавання прэстыжу сям’і. Клопат пра захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, мацярынства і дзяцінства асабліва актуальны ў Год беларускай жанчыны. На сённяшняй сустрэчы мы пастараліся разабрацца ў прычынах праблем, што ўзнікаюць у сучаснай сям’і, вырашыць некаторыя выхаваўчыя дылемы і даць карысныя парады. Зразумела, узнікаючыя праблемы нельга вырашыць адным росчыркам пяра. Толькі аб’яднаўшы намаганні – сям’і, школы, грамадскасці, можна дабіцца поспеху. Сям’я павінна стаць галоўным месцанараджэннем шчасця, дзе бацькоўскія любоў і клопат змогуць засцерагчы дзяцей ад бяды і няшчасця, дапамогуць стаць ім упэўненымі і запатрабаванымі.

