Там, дзе няма месца скандалам

Нягледзячы на тое, што жывём мы ў век тэхнічнага прагрэсу і суцэльнай камп’ютарызацыі, па-ранейшаму яшчэ знаходзяцца такія, хто прытрымліваецца ва ўзаемаадносінах паміж блізкімі і роднымі людзьмі выказвання: б’е – значыць любіць.

Чым жа яшчэ патлумачыць, калі жанчына гадамі церпіць мужа, які б’е яе, здзекуецца над дзецьмі, нікуды не скардзіцца, не звяртаецца за дапамогай, каб чужыя не ведалі пра праблемы. Старэнькая маці хавае ад суседзяў сінякі, а калі не ўдаецца схаваць, то тлумачыць іх з’яўленне падзеннем, маўляў, закружылася галава. А на справе так аддзячвае за мацярынскія любоў і клопат яе 40-гадовы сынок, які нідзе не працуе, але надзвычай сябруе са спіртным і кулакамі выбівае ў маці грошы на выпіўку. Хоць і нарадзіла траіх дзяцей, але маці
не мае права звацца, бо толькі дала ім жыццё, а потым скінула на рукі сваёй бабулі, а калі тая памерла, клопат пра непаўналетніх узяла на сябе дзяржава. Брат падняў руку на малодшую сястру. Бацька так «выхоўваў» дачку, што тая з пабоямі трапіла ў бальніцу… І ўсё гэта
не сюжэты серыяла ці дэтэктыва, а рэальныя факты.

Гвалтоўныя замахі ў сферы сямейна-бытавых адносін уяўляюць патэнцыяльную і рэальную бяспеку для сацыяльнага здароўя не толькі сям’і, але і ўсяго грамадства. Найбольш эфектыўнай мерай супрацьдзеяння дамашняму насіллю з’яўляецца прыцягненне вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці.

Нанясенне пабояў, якія не сталі прычынай цялесных пашкоджанняў, наўмыснае прычыненне болю, фізічныя і псіхалагічныя пакуты ў дачыненні да блізкіх сваякоў, членаў сям’і ці былых членаў сям’і, парушэнне ахоўнага прадпісання караюцца згодна з часткай 2
артыкула 10.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Пастановай суда Ляхавіцкага раёна жыхар Гулічаў К. за наўмыснае нанясенне сужыцельцы (як члену сям’і) пабояў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці згодна з часткай 2 артыкула 10.1
КоАП. Вясковец прыйшоў дамоў нецвярозым, высвятляў адносіны з сужыцелькай, патрабаваў у яе грошы на спіртное. Па прычыне таго, што К. вядзе асацыяльны лад жыцця, доўгі час не працуе, прыцягваўся да адказнасці за правапарушэнні, судом прынята рашэнне аб неабходнасці ўтрымання К. у ізалятары часовага ўтрымання Ляхавіцкага РАУС. Аналагічны выпадак адбыўся ў вёсцы Пранчакі, дзе п’яны сын наўмысна канфліктаваў з маці, брыдкасловіў у яе адрас і двойчы стукнуў яе кіем па плячы, тым самым прынёс фізічныя і псіхалагічныя пакуты. Да правапарушальніка прыменена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу. Суд улічыў усе абставіны справы, чыстасардэчнае раскаянне парушальніка, яго занятасць і наяўнасць у яго малых дзяцей.
Акрамя пакарання, Законам ад 4.01.2014 № 122-З «Аб асновах
дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» грамадзяніну, які ўчыніў насілле ў сям’і, устаноўлены часовыя забароны на пэўныя дзеянні адносна тых, хто пацярпеў ад насілля ў сям’і. У прыватнасці, ахоўным прадпісаннем можа быць забаронена наведваць тыя месцы, дзе знаходзіцца пацярпелы ад дамашняга насілля, мець зносіны з пацярпелым па тэлефоне ці з выкарыстаннем інтэрнэту. Таксама
прадпісанне можа абавязаць агрэсара часова пакінуць агульнае з ахвярай насілля жылое памяшканне. Забароны ўстанаўліваюцца на тэрмін да 15 сутак з моманту аб’яўлення прадпісання, а па ўзгадненні з пракурорам тэрмін дзеяння можа падаўжацца да 30 сутак.
Так, у адносінах да ляхавічаніна, які знаходзіўся на прафілактычным уліку ў РАУС, супрацоўнікам міліцыі вынесена ахоўнае прадпісанне ў выглядзе абавязку часова пакінуць агульнае з пацярпелым ад дамашняга насілля жылое памяшканне. Аднак ляхавічанін
парушыў патрабаванне, прыйшоў дамоў у стане алкагольнага ап’янення па месцы жыхарства сваёй жонкі, якая з’яўляецца ахвярай дамашняга насілля, і размаўляў з ёй. За парушэнне пастановы суда ён атрымаў адміністрацыйнае спагнанне – штраф.

Папяраджанне і прафілактыка дамашняга насілля, выяўленне
і ўхіленне прычын і ўмоў, што садзейнічаюць учыненню супрацьпраўных дзеянняў у адносінах да блізкіх, родных і членаў сям’і на бытавой глебе, забяспечаць абарону грамадзян ад супрацьпраўных замахаў.

Таццяна ЖЭРКО, старшыня суда Ляхавіцкага раёна.