Пра пакупніцкія правы і абавязкі прадаўцоў. 15 сакавіка ў календары пазначана як Дзень спажыўца ў нашай краіне

15 сакавіка ў календары пазначана як Дзень спажыўца ў нашай краіне і Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў. Правы спажыўцоў рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў»
Закон распаўсюджваецца на адносіны паміж спажыўцамі і вытворцамі, прадаўцамі, пастаўшчыкамі, рамонтнымі арганізацыямі,
якія ўзнікаюць з дагавораў рознічнай куплі-продажу, арэнды, страхавання, перавозкі пасажыра і г. д. Адпаведна артыкулу 41
Закона, дзяржаўную абарону правоў спажыўцоў
і кантроль за выкананнем заканадаўства ажыццяўляюць у межах сваёй кампетэнцыі ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы. Каардынуе іх дзейнасць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання
і гандлю.
У Ляхавіцкім раёне спецыяльна ўпаўнаважаным органам па абароне правоў спажыўцоў з’яўляецца аддзел эканомікі райвыканкама. Спецыялісты аддзела кантралююць выкананне правілаў гандлёвага, бытавога і іншых відаў абслугоўвання насельніцтва на тэрыторыі раёна, разглядаюць звароты, заявы і скаргі грамадзян па даных пытаннях, кансультуюць. Кожны, хто лічыць сябе пацярпелым на спажывецкім рынку, можа звярнуцца, каб быць пачутым і зразумелым. Згодна з артыкулам 43 Закона, з мэтай абароны правоў спажыўцоў мясцовыя распарадчыя і выканаўчыя органы абавязаны разглядаць заявы, звароты і скаргі спажыўцоў у адпаведнасці з заканадаўствам; арганізоўваць растлумачальную работу і аказваць юрыдычную дапамогу насельніцтву па пытаннях абароны правоў спажыўцоў; накіроўваць прадпісанні прадаўцам, пастаўшчыкам тавараў і паслуг, рамонтным арганізацыям аб спыненні парушэнняў правоў спажыўцоў; накіроўваць матэрыялы ў органы, якія ўпаўнаважаны складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях і (ці) узбуджаць крымінальныя справы па прыкметах, звязаных з парушэннем правоў спажыўцоў.
Усю неабходную інфармацыю аб упаўнаважаных асобах па дзяржаўнай абароне правоў спажыўцоў можна знайсці на афіцыйным сайце райвыканкама, а таксама ў гандлёвых аб’ектах на стэндах «Інфармацыя для пакупнікоў».
У 2025 годзе аддзелам эканомікі прадоўжана работа па наступных асноўных напрамках: разгляд зваротаў спажыўцоў па прычыне неналежнай якасці тавараў і паслуг; павышэнне спажывецкай граматнасці, аказанне юрыдычнай дапамогі па пытаннях абароны правоў спажыўцоў, дасудовая і судовая абарона спажывецкіх правоў, прэвентыўная работа з суб’ектамі гаспадарання з мэтай папярэджання і спынення парушэнняў заканадаўства. На працягу мінулага года аддзелам эканомікі райвыканкама разгледжаны чатыры пісьмовыя звароты грамадзян адносна абароны правоў спажыўцоў.
Сярод пісьмовых і вусных зваротаў грамадзян у асноўным пераважаюць пытанні, звязаныя з набыццём тавараў прамысловай групы (мабільныя тэлефоны, аўтазапчасткі і іншае) неналежнай якасці і іх вяртання прадаўцу. Акрамя таго, разбіраюцца звароты, звязаныя са сферай бытавога абслугоўвання насельніцтва: выраб і ўстаноўка помнікаў; парушэнне тэрмінаў аказання паслуг; немагчымасць вярнуць прадаўцу няякасныя тавары, набыццё тавараў у сацыяльных сетках, якасць гандлёвага абслугоўвання і іншыя пытанні.
Для папярэджання парушэнняў правоў спажыўцоў з прадаўцамі, выканаўцамі паслуг праводзілася растлумачальная работа. У большасці выпадкаў спрэчныя сітуацыі вырашаюцца ў дасудовым парадку – на стадыі кансультавання ці шляхам добраахвотнага спынення парушэння суб’ектам гаспадарання, які іх дапусціў.
Таццяна МАЦКЕВІЧ,
галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама.
Прамая тэлефонная лінія
13 сакавіка з 10.00 да 12.00 па нумары 6-07-62 будзе арганізавана работа прамой тэлефоннай лініі па пытаннях абароны правоў спажыўцоў.

