Людзі «Ляхавіцкага» – гонар раёна

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Такую ацэнку старшыні райвыканкама Мікалая Мароза атрымалі працаўнікі СВК «Ляхавіцкі». Словы прагучалі ў завяршэнні справаздачна-выбарнага сходу гаспадаркі, у якім прыняў удзел таксама першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.

Сход насіў статус справаздачна-выбарнага і, акрамя аналізу і ацэнкі работы сельгаскааператыва на працягу мінулага года, было разгледжана каля дзясятка пытанняў. Прыярытэтным з іх з’яўлялася справаздача старшыні праўлення аб рабоце, праведзенай гаспадаркай у 2025 годзе, і планавых задачах на бягучы год.
Свой даклад старшыня СВК Іван Вітко пачаў з напаміну пра адметнасці надвор’я мінулага года. Было адзначана, што, нягледзячы на яго нялепшыя для вядзення сельскай гаспадаркі асаблівасці, мінулы сезон можа лічыцца паспяховым. Некалькі не склалася сітуацыя з рапсам, па валавым зборы якога атрымалася выйсці толькі на 93 працэнты ад узроўню 2024 года. І асноўнай таму прычынай стала надвор’е.
– Частка азімых рапсавых пасеваў не перазімавала, былі вымушаны спісваць і перасейваць, – адзначыў Іван Вітко.
Без уліку кукурузы і некаторых іншых цеплалюбівых культур у мінулым годзе збожжавыя і зернебабовыя ў «Ляхавіцкім» займалі нязначна больш за 1 400 гектараў. Хлебныя плошчы парадавалі аграрыяў 8 338-тонным валавым зборам. Гэта амаль 600 тон плюс у параўнанні з папярэднім годам. Пры гэтым ураджайная важкасць аднаго гектара мала што не дасягнула шасці дзясяткаў бункерных цэнтнераў. Гэты трэці па рангу паказчык у раёне, які можа лічыцца вельмі добрым у праекцыі на даволі сціплыя русінавіцка-рачканска-мыслабажскія землі.
У прадаўжэнне збожжавай тэмы дакладчык засяродзіў больш увагі на вытворчасці пшаніцы. Маўляў, збожжавая культура дрэнна налілася, яе асобныя каласы атрымаліся ўвогуле пустымі і іншае. З мэтай больш выгаднага продажу пшаніцу давялося дапрацоўваць звышдадаткова. А гэта ненарматыўныя расходы і як адно з наступстваў – павышаны сабекошт, які ў цэлым па збожжавай групе ў «Ляхавіцкім» падняўся ў плюс у параўнанні з папярэднім годам. Аднак, адзначыў дакладчык, з продажам збожжавых дзяржаве гаспадарка поўнасцю справілася.
Было адзначана, што разам з іншымі пытаннямі ўжо ў гэтым годзе і ў цэлым на будучыню агранамічнай службе неабходна больш пільна падыходзіць да тэмы фарміравання сабекошту, у прыватнасці, збожжавых сельгаскультур.
Надзённым з’яўляецца і павелічэнне плошчаў шматгадовых траў. У тым ліку і на насенне.
– Насенне шматгадовых траў прадаваць выгадна, неабходна актыўна заняцца гэтай справай, – канстатаваў Іван Вітко.
Пра кармавы складнік расліна-водства СВК «Ляхавіцкі» прагучала наступнае. Найбольш каштоўным па біялагічных характарыстыках і, як правіла, самым ураджайным зялёным укосам з’яўляецца першы. Які ў справа-здачным годзе, як ведаем, зусім
не атрымаўся. У кожнай з гаспадарак раёна і ў «Ляхавіцкім» у тым ліку. І хоць кампенсаваць недабор першага сянажнага збору ў многім атрымалася за кошт наступных на працягу года зялёных кампаній, адыграцца ў поўнай меры не ўяўлялася магчымым.
Што, аднак, не стала для жывёлагадоўлі кармавым мінусам. Наадварот, яго атрымалася трансфармаваць у выніковы плюс. У 2025 годзе СВК «Ляхавіцкі» пачаў вырошчваць «цераспалосіцу» кукурузы
і сланечніку.
– Сланечнікавае насенне, канешне ж, каштуе нямала. Аднак у пераразліку на дабаўленую вытворчасць малака ў выпадку кармлення жывёлы кукурузна-сланечнікавым сіласам, – упэўнены старшыня Іван Вітко, – «аўчынка варта вырабу». Як выснова, гаспадарка мае намер рухацца ў напрамку інтэнсіфікацыі вырошчвання такой пасяўной сумесі і аб’ёмаў закладкі-нарыхтоўкі двухкампанентнага сіласу.
У 2025 годзе вытворчасць малака ў СВК «Ляхавіцкі» склала больш як
12,5 тысячы тон. Удой на сярэднюю карову склаў 9 805 кілаграмаў. Пры гэтым на некаторых фермах-комплексах гэта лічба выйшла за межы 10 тысяч кілаграмаў. Малако гаспадаркі гандлюецца, як правіла, класам экстра, на вышэйшы гатунак застаюцца літаральна лічаныя працэнты ад агульнага аб’ёму. А гэта і цана, і выручка, і нядрэнная фінансавая сітуацыя. І адпаведная заработная плата калектыву работнікаў, якая за 2025 год вырасла ў сярэднім больш як на 500 рублёў.
Усе галасаванні на сходзе завяршаліся абсалютным «за» ўдзельнікаў сходу. У тым ліку і ў частцы выбараў новага старшыні праўлення. Паўнамоцтвы і віншаванні з нагоды атрымаў Іван Вітко.

Іван КАВАЛЕНКА

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.