На сувязі – электрасувязь

Без электрасувязі сучаснаму чалавеку ні туды і ні сюды. Яна трывала ўвайшла ў жыццё даўно, аднак, не страчвае сваёй актуальнасці і пастаянна радуе і здзіўляе нас новымі відамі cучасных і неабходных па-слуг. Электрасувязь ужо даўно не асацыіруецца выключна з паслугамі стацыянарнай тэлефоннай сеткі і правадным радыёвяшчаннем. Напрыклад, новы прадукт Белтэлекама – інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA — надзвычай папулярны ў спажыўцоў, як, дарэчы, і высокаскорасны інтэрнэт byfly.
Чым сёння жыве, якія паслугі аказвае і чым плануе ў бліжэйшай будучыні парадаваць шматлікіх кліентаў раённы вузел электрычнай сувязі? Пра гэта мы прапанавалі пагаварыць сваім чытачам падчас чарговай “прамой лініі “ЛВ”. На гэты раз яе госцем стаў начальнік РВЭС Анатолій ЛУКАШЭВІЧ.

— Добры дзень! Телефаную з вёскі Мядзведзічы. Скажыце, калі ласка, калі ў нас можна будзе падключыцца да інтэрнэту?
Наталля Барысевіч, в. Мядзведзічы.

— Увогуле, інтэрнэт – самы перспектыўны накірунак у электрасувязі. На сённяшні дзень у нас у наяўнасці 15 вузлоў перадачы даных у сельскай мясцовасці і адзін у райцэнтры. Усяго на Ляхавіччыне больш за 1100 карыстальнікаў падключаны да шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт. Літаральна ў бліжэйшыя тыдні пачнуць дзейнічаць яшчэ 3 вузлы (на АТС вёсак Падлессе, Малое Гарадзішча і Ганчары). Таму, Наталля Мікалаеўна, магу вас парадаваць, як і іншых абанентаў, якія жывуць у вёсцы Мядзведзічы і ўключаны ў АТС вёскі Ганчары: ваша заява будзе задаволена ў бліжэйшы час. Дарэчы, запрашаем усіх жадаючых з гэтых населеных пунктаў напісаць заяву і пад-ключыць высокаскорасны інтэрнэт.
— Растлумачце наступную сітуацыю. Ужо трэці месяц не працуе радыё-кропка, а пастаянна прыходзіць абаненцкая плата за яе карыстанне…
Раіса Маліхтаровіч, в. Патапавічы.

— У вёсцы Патапавічы ў 2 этапы (першы праходзіў з 7 чэрвеня па 26 ліпеня, другі пачаўся 26 жніўня) вядзецца рэканструкцыя лініі электраперадач. Спачатку сваю работу па замене правадоў робяць электраманцёры раёна электрасетак, а потым нашы супрацоўнікі выконваюць свой пералік работ. Мы вытрымліваем кантрольныя тэрміны, і да 10 кастрычніка работы будуць завершаны. Што канкрэтна да вашага звароту, Раіса Мікалаеўна, то на сённяшні дзень пераплата па вашаму рахунку складае 650 рублёў, і абавязкова будзе зроблены пераразлік на карысць абанента.
Дарэчы, хто сутыкнуўся з такой праблемай, тэлефануйце ў бюро рамонту па тэлефоне 108.
— Хачу пацікавіцца, калі будуць устаноўлены тэлефоны ў новых доміках па вуліцы Зарэчнай у вёсцы Гаслаўшчына? Мы засяліліся ў іх ужо год таму.
Сяргей Асланян, в. Гаслаўшчына.

— Ваша заява на ўстаноўку тэлефона прынята і зарэгістравана сёлета 24 мая. Усяго па АТС вёскі Русінавічы маецца 30 заяў. Пашырэнне мясцовай АТС запланавана на 4 квартал 2010 года (як, дарэчы, і павелічэнне колькасці абанентаў на АТС “Жарабковічы”, “Крывошын” і будаўніцтва новай АТС у вёсцы Малое Гарадзішча). Такім чынам, напрыканцы снежня 2010 года ва ўсіх, хто паспеў падаць заяву, тэлефон бу-дзе падключаны, і новыя абаненты змогуць не толькі тэлефанаваць, але і карыстацца доступам у інтэрнэт, і глядзець інтэр-актыўнае тэлебачанне.
— Калі ў вёсцы Галаўнінцы можна будзе падключыцца да інтэрактыўнага тэлебачання?
Валерый Кулак, в. Галаўнінцы.

— Перад тым, як прапанаваць тую ці іншую паслугу, спецыялісты РВЭС праводзяць пэўнае маркетынгавае даследаванне, каб высветліць, наколькі паслуга запа-трабавана ў гэтай мясцовасці. На сённяшні дзень паслугамі інтэрактыўнага тэлебачання ZALA карыстаюцца, акрамя гараджан, абаненты АТС вёсак Крывошын, Русінавічы, Жарабковічы, Дарава. У бліжэйшы час да іх далучацца жадаючыя з Начы і ваеннага гарадка Дарава-Чыж (тут ужо манціру-ецца адпаведнае абсталяванне). Што датычыцца АТС вёскі Галаўнінцы, то пакуль заявы на ўстаноўку інтэрактыўнага тэлебачання паступілі ад 5 абанентаў, а, напрыклад, у суседняй вёсцы Востраў жадаючых набыць гэты прадукт – каля 40 (мінімальны памер партоў – 64). Зразумела, што ў першую чаргу будзем манціраваць абсталяванне ў Востраве. Па плану запуск інтэр-актыўнага тэлебачання ў Галаўнінцах пры-значаны на 2011 год. Але, калі вы, Валерый Аляксандравіч, і вашы аднавяскоўцы праявіце актыўнасць і пісьмова пацвердзіце сваё жаданне, то працэс можа быць паскораны.
— У вёсцы Ураджайная не працуе радыё…
Віктар Сідор, в. Ураджайная.

— Абавязкова разбяромся.
(Пасля абследавання высветлілася, што ў доме Віктара Сідора пашкоджана радыёправодка. Як стала вядома рэдакцыі, літаральна на наступны дзень праводка ў доме Віктара Сідора была адрамантавана).
— Анатолій Тадэвушавіч, як можна памяняць нумар гарадскога тэлефона?
Жыхарка райцэнтра.

— Зрабіць гэта даволі проста. Дастаткова звярнуцца з пісьмовай заявай у сэрвісны цэнтр раённага вузла электрычнай сувязі. Тлумачыць прычыну замены нумара няма патрэбы. Пры сабе неабходна мець толькі пашпарт. Паслуга гэта платная. Дарэчы, за год 1-2 абаненты звяртаюцца да нас з такой просьбай.
— Добры дзень, у мяне такое пытанне: ужо тры месяцы стаю на ўліку на ўстаноўку тэлефона, калі да мяне дойдзе чарга? Пражываю па адрасе: горад Ляхавічы, вуліца Савецкая, дом 56.
Вольга Прыхач, г. Ляхавічы.

— Да канца 2010-га года ваша заяўка будзе задаволена.
Пытанне ад “ЛВ”:
— Анатолій Тадэвушавіч, скажыце, калі ласка, якія паслугі электрасувязі найбольш запатрабаваны?
— Найбольш папулярныя сярод вяскоўцаў і гараджан інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA і высокаскорасны інтэрнэт byfly.
Калі гаварыць пра першае, то, пачынаючы з 15 жніўня, карыстальнікам ZALA прадастаўляецца новая паслуга “відэа па запыту” (карыстальнік можа праглядаць на свой густ любы з 500 прадстаўленых у каталозе фільмаў).
Калі гаварыць пра byfly, то ляхавічане аддаюць перавагу тарыфным планам “камфорт” і “дамасед”. Між іншым, Белтэлекам пастаянна павялічвае скорасць і аб’ём аперацый, што дазваляе больш хутка перамяшчацца ў віртуальнай прасторы, а кошт тарыфных планаў пры гэтым застаецца ранейшым.
Прыемна, што апошнім часам, пасля замены каардынатных тэлефонных станцый на электронныя, стала менш скаргаў на якасць работы электрасувязі (сёння 26 тэлефонных станцый, 17 – электронных). Штогод у сярэднім падключаецца каля 500 абанентаў тэлефоннай сувязі. Яшчэ ў 2009 годзе былі задаволены заявы ўсіх, хто стаяў у чарзе на ўстаноўку тэлефона больш за 5 гадоў. Сёлета тэлефоннай сувяззю могуць карыстацца і абаненты, якія падалі заяву ў мінулым годзе.
— Добры дзень, Анатолій Тадэвушавіч, раскажыце, як можна ўладкавацца на працу ў РВЭС?
Святлана Юруць, жыхарка Ляхавіцкага раёна.

— Калі гаварыць пра дзень сённяшні, то штат РВЭС укамплектаваны поўнасцю, у калектыве працуе 64 чалавекі. Пры наяўнасці вакансій выслухаем усіх жадаючых працаўладкавацца. Кожны прэтэндэнт на працоўнае месца павінен прайсці гутарку па спецыяльнасці ў Брэсцкім філіяле Белтэлекама. Перавага пры прыёме на работу, канешне, аддаецца выпускнікам вышэйшых каледжаў сувязі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, якія прыехалі па размеркаванні.
На “прамой лініі” працавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *