У прадуктаў «выраслі ногі». У Ляхавіцкім раёне супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы затрымалі некалькі работнікаў мясцовых арганізацый. Па якой прычыне

У Ляхавіцкім раёне супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы затрымалі некалькі работнікаў мясцовых арганізацый, якія спрабавалі вынесці з тэрыторыі прадпрыемстваў прадукты харчавання.
Першы выпадак адбыўся напрыканцы лютага ў адной з арганізацый раёна. Пры выхадзе з харчаблока супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы спынілі кухоннага рабочага і прыбіральшчыка памяшканняў. Пры аглядзе высветлілася, што яны спрабавалі вынесці прадукты харчавання на суму крыху больш за 35 рублёў.
Падобны інцыдэнт здарыўся і на прахадной аднаго з прадпрыемстваў райцэнтра. Нарад аддзялення па ахове аб’ектаў спыніў работніка, які паквапіўся на ялавічыну. Вага незаконна вынесенага мяса склала больш за тры кілаграмы.
Яшчэ аднаго парушальніка выявіў вартавы аховы на прахадной ляхавіцкага прадпрыемства. 53-гадовы работнік нёс прадукцыю на суму больш за 18 рублёў. Ва ўсіх выпадках матэрыялы перададзены праваахоўным органам для далейшага разбіральніцтва.
Нават нязначная на першы погляд сума вынесенай прадукцыі цягне сур’ёзныя наступствы. З пункту гледжання закону не мае значэння, выносіць чалавек пару кілаграмаў бульбы ці сховішча прадуктаў –
гэта замах на крадзеж дзяржаўнай маёмасці. Нават калі сума выкрадзенага здаецца невялікай, сам факт спробы падрывае эканамічную бяспеку прадпрыемства, а па вялікім рахунку – і дзяржавы.
Андрэй АНДРЭЕЎ, начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў.