Карані поспеху – у полі працы. Па выніках работы за два першыя месяцы года жывёлагадоўля Ляхавіцкага раёна практычна выйшла на 700 грамаў сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы

Па выніках работы за два першыя месяцы года жывёлагадоўля Ляхавіцкага раёна практычна выйшла на 700 грамаў сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме.
Так, у параўнанні з лепшымі сельскагаспадарчымі арганізацыямі вобласці названая лічба з’яўляецца не такой ужо і «высокагаспадарчай». Больш таго, на падобны ўзровень сярэдняга прыросту БРЖ раённая жывёлагадоўля ўжо выходзіла. Напрыклад, у маі мінулага года быў 701 грам, у чэрвені – 706, і ўсяго на грам менш – у ліпені. Але паміж мінулагоднімі «за» і сёлетнімі «на крок ад» 700 бачыцца істотная розніца. Адна справа – падняць гэты вытворчы паказчык на піку жывёлагадоўчага сезона, калі і цеплыня, і яркае сонца на працягу ці не ўсяго доўгага дня, і зялёнае буйства сакавітай травы, якую нескладана выкарыстаць у якасці падкормкі. Зусім другое – пік зімы. Ды яшчэ і такой снежнай і марознай. Па выніках студзеня – лютага жывёлагадоўля Ляхавіччыны спрацавала ўвогуле нядрэнна. Сярэднясутачныя лютаўскія прывагі жывёлы ў гаспадарках Ляхавіччыны падняліся на 17 грамаў у параўнанні з папярэднім месяцам і на 13 – адносна базы мінулага года і выйшлі на паказчык 699 грамаў на кожную галаву. Прыбаўка адзначана прыкладна ў кожнай другой раённай сельгасарганізацыі. Найбольш у плане прываг падраслі ААТ «Нача» і «Жарабковічы» – на 87 грамаў па выніках работы ў лютым адносна мінулагодняй базы. І сёння жарабковіцкія 763 сутачныя грамы прыросту на кожнай галаве не так ужо і істотна саступаюць лідару жывёлагадоўлі раёна СВК «Ляхавіцкі». Хоць ёсць і тыя, хто спрацаваў з мінусам. Такіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у нас аж чатыры – столькі ж і тыя ж самыя, што значыліся ў студзеньскім пераліку.
Упэўнены, што любая як ана-літыка, так і статыстыка па-іншаму ўспрымаецца і «заходзіць» у параўнанні. Жывёлагадоўля Брэсцкай вобласці не першы год знаходзіцца на лідарскіх пазіцыях у краіне. Калі, напрыклад, звярнуцца да вытворчасці малака, то старт бягучага года не проста пацвердзіў, а і яшчэ больш умацаваў гэты факт.
За першыя два месяцы года і апошнія два мінулай зімы сельгасарганізацыі Брэстчыны сукупна выйшлі на валавую вытворчасць малака, якая некалькі перавышае 410 тысяч тон. Што азначае больш як 5-працэнтны рост у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Тэмп росту валавога надою гаспадарак Ляхавіччыны адстаў ад абласнога паказчыка зусім нязначна, дзясятыя долі працэнтнага пункта, і паказаў 105,2 працэнта росту.
Пры гэтым абсалютная лічба двухмесячнай вытворчасці малака ў раёне дасягнула амаль што 13 524 тоны. З іх 3 824 тоны –
«жарабковіцкія», 2 808 – «Шляху новага», 2 165 тон малака надаілі за студзень – люты ў СВК «Ляхавіцкі».
За названы перыяд удойнасць сярэдняй ляхавіцкай рагулі склала 1 182 кілаграмы і ў адпаведнасці з мінулым годам павялічылася на
43 кілаграмы. Аналагічны сярэднеабласны паказчык выйшаў на лічбу
1 358 і тым самым апярэдзіў сярэднераённы на 176 кілаграмаў. Аднак у малакавытворцаў нашага раёна ёсць свае маякі-перадавікі. Напрыклад, ЗАТ «Белпрампрыбор» ад кожнай сваёй каровы атрымаў у студзені – лютым 1 377, а СВК «Ляхавіцкі» і ўвогуле 1 672 кілаграмы самага высакаякаснага малака. Пра высокую якасць малака названых прадпрыемстваў не для чырвонага слоўца: і акцыянернае таварыства, і сельскагаспадарчы кааператыў сваю прадукцыі прадаюць выключна гатункамі экстра і вышэйшым. Прычым з яўным ухілам у бок «экстры».
Можна чарговы раз нагадаць, што жывёлагадоўля з’яўляецца галоўным актывам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У структуры гадавых даходаў гаспадарак на яе долю прыпадае 70, 80, а то і больш працэнтаў выручкі. А, напрыклад, зараз яна і, у прыватнасці, малако з’яляюцца ці не адзінай крыніцай папаўнення іх бюджэтаў.
Іван КАВАЛЕНКА.


