Час выбраў нас. Час канкрэтных спраў!

Мікалай МАРОЗ, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама:
– Бягучая пяцігодка толькі пачалася. У 2026–2030 гадах Ляхавіцкаму раёну і яго жыхарам належыць выканаць шмат пастаўленых задач у розных сферах жыццядзейнасці. Вось чаму важна азірнуцца ў мінулае пяцігоддзе. Зрабіць высновы, а дзе і правесці работу над памылкамі, каб у будучым іх не паўтараць, а мэтанакіравана рухацца наперад і паказваць дастойныя вынікі.
У 2021–2025 гадах эканоміка раёна працавала штогод без страт. Не дапушчаны рост узроўню беспрацоўя. З пачатку пяцігодкі і да канца 2025 года заработная плата вырасла ў 2,2 раза. Нельга
не адзначыць і ўстойлівую работу прамысловага комплексу, чаму ў поўнай меры паспрыяла і рэалізацыя інвестпраектаў. Вось толькі асноўныя з іх. На льнозаводзе ў межах рэспубліканскай ініцыятывы «Адзін раён – адзін праект» арганізавана вытворчасць катанізаванага льновалакна, якое запатрабавана на замежным рынку. СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» пабудавала лакальныя ачышчальныя збудаванні і наладзіла выпуск тварожнага дэсерту ў фармаце 100 грамаў.
Праект па рэканструкцыі цэхаў ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод»
летась уключаны ў пералік праектаў «Рэгіянальная ініцыятыва». Тэхнапераўзбраенне, рэканструкцыя цэха па выпуску гуматаў – інвестпраекты ў ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі».
Ляхавіччына – раён аграрны. І за апошнія пяць гадоў відавочныя значныя зрухі да лепшага менавіта ў сельскагаспадарчай галіне.
За гэты час у розныя падраздзяленні галіны накіравана больш
за 200 мільёнаў рублёў інвестыцый, з якіх больш за 50 мільёнаў рублёў – на будаўніцтва буйных жывёлагадоўчых аб’ектаў. Уведзена ў эксплуатацыю дзевяць такога кшталту аб’ектаў, акрамя таго, набыта больш за 250 адзінак тэхнікі і абсталявання.
Уражваюць і вынікі ў намалотах і ўраджайнасці, валавым зборы і нарыхтоўках кармоў, надоях і прывагах. У якасці прыкладу – толькі некалькі лічбаў. За 2021–2025 гады тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў Ляхавіцкім раёне склаў 132,5 працэнта
пры даведзеным заданні 117,8 працэнта.
Разам з эканомікай і вытворчасцю не менш інтэнсіўна і эфектыўна развіваюцца спажывецкі рынак, камунальная гаспадарка, будуецца
жыллё, у тым ліку і арэнднае, навідавоку – дарожнае абнаўленне, вырашаецца комплекс сацыяльных задач у ахове здароўя, адукацыі, культуры, спорце. Бясспрэчна, далейшае паспяховае равіццё Ляхавіччыны магчыма толькі пры ўмове, што кожны з жыхароў раёна будзе жыць па сумленні, працаваць адказна і самааддана.

