Пад шчаслівым знакам лічбаў. На Ляхавіччыне ў лютым сярэдні ўзрост жаніха склаў 30 гадоў, нявесты – 26
У лютым на Ляхавіччыне зарэгістравана пяць нараджэнняў: тры з іх у аддзеле загса райвыканкама, і два ў сельвыканкамах – Конькаўскім і Крывошынскім.
Лютаўскі здаравячок – хлопчык Клім, які нарадзіўся з вагой 4340 грамаў і ростам 57 сантыметраў. У сям’і ён трэці сын. Дзюймоўка месяца – Сафія, вага якой 3150 грамаў пры росце 51 сантыметр. У сям’і яна першынец.
Дочкам бацькі далі імёны Сафія, Ксенія і Ева, сыноў назвалі Клімам і Артурам, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
У дзвюх сем’ях у лютым зарэгістраваны першынец, у дзвюх – другое дзіця і ў адной – трэцяе. Сярэдні ўзрост лютаўскага бацькі – 31 год, маці – 25. Маладыя бацькі – 27-гадовы бацька, 21-гадовая маці.
У лютым зарэгістравана чатыры шлюбы, усе ў аддзеле загса райвыканкама. Сярэдні ўзрост жаніха – 30 гадоў, нявесты – 26. Юныя маладыя – 20-гадовыя. Марш Мендэльсона гучаў таксама для пары, дзе жаніху споўнілася 44 гады, а нявесце – 37.
У люстэркавую дату – 26.02.2026 – адна з ляхавічанак сказала «так» свайму абранніку, і яны абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі. Няхай прыгожая лічба стане для маладых шчаслівым знакам!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

