На «дэсерт» – інтэрактыўная гульня. У Ляхавіцкім аграрным каледжы прайшла маштабная адукацыйная акцыя – Адзіны дзень адчыненых дзвярэй

У Ляхавіцкім аграрным каледжы заўжды гатовы да сустрэчы з патэнцыяльнымі абітурыентамі. З гэтай мэтай праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы – дні адчыненых дзвярэй, кірмашы прафесій, выкладчыкі і навучэнцы – жаданыя госці ў школах, прычым не толькі Ляхавіцкага раёна.

21 сакавіка па ўсёй краіне прайшла маштабная адукацыйная акцыя – Адзіны дзень адчыненых дзвярэй, які аб’яднаў установы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Запрасіў патэнцыяльных абітурыентаў і ЛАК. І жадаючых пазнаёміцца са спецыяльнасцямі «лясная гаспадарка», «вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання», «ветэрынарная медыцына», «вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання» аказалася нямала.

Каледжская прэзентацыя пачалася ў актавай зале ў фармаце зацікаўленай размовы. Дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік і вык-ладчык Святлана Вайцяхоўская расказалі пра спецыяльнасці, па якіх вядзецца навучанне, пра тое, як арганізаваны вольны час навучэнцаў, пра забяспечанасць інтэрнатам, пра размеркаванне. Потым настаў час патэнцыяльных работадаўцаў, якія спыніліся на прэферэнцыях і льготах для маладых спецыялістаў – выпускнікоў агракаледжа, якія пажадаюць скарыстацца мэтавым накіраваннем пры паступленні ў ЛАК. Цікавым момантам сустрэчы сталі выступленні сямейных дуэтаў – сённяшніх працаўнікоў сельгаспрадпрыемст-ваў Ляхавіцкага раёна, якія маюць дыплом Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Галоўны аграном ААТ «Шлях новы» Кірыл Бясшапашнікаў і яго жонка – аграном па насенняводстве гэтай жа гаспадаркі Ганна Бясшапашнікава, галоўны ветурач СВК «Ляхавіцкі» Уладзімір Гараховіч і яго сын – памочнік брыгадзіра вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Антон Гараховіч сышліся ў меркаванні, што сельскагаспадарчыя прафесіі запатрабаваны ва ўсе часы і сёння з’яўляюцца прэстыжнымі і з дастойнай зарплатай.
Дыялогавая пляцоўка змянілася на практычна-інтэрактыўную. Юнакі і дзяўчаты не толькі змаглі на практыцы пазнаёміцца з раслінамі, карыснымі выкапнямі, насенным матэрыялам, вучэбнымі кабіне-тамі і аўдыторыямі, але і нават прайшлі майстар-клас па кіраванні аўтамабілем.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.