Жыццёвы намер – мірны! У Ляхавіцкім раёне прайшоў аўтапрабег у знак бясконцай памяці пра Хатынскую трагедыю

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Сэрца беларусаў – гэта сплаў дабрыні, шчырасці, міру і спагады, яно ўмацавана славянскімі традыцыямі, б’ецца ў рытме шчаслівага сёння на механізме бясконцай гістарычнай памяці. У гэтым наша сіла! Еднасць памкненняў, чысціню жыццёвага мірнага намеру, непахіснасць нашай стваральнай пазіцыі прадэманстравалі беларусы ў Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі. Вёска была спалена фашыстамі 83 гады назад. На бесчалавечным шляху фашыстаў і ляхавіцкія вёскі і хутары – 48 населеных пунктаў раёна гарэлі ў агні, і многія да жыцця так і не вярнуліся.

Напярэдадні памятнага дня актыў раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын і аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама выступілі з ініцыятывай арганізаваць аўтапрабег у знак нашай бясконцай памяці пра Хатынскую трагедыю, пра тысячы беларускіх вёсак, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

За рулём аўтамабіляў – жанчыны! І гэта так сімвалічна гучыць у аб’яўлены Прэзідэнтам Год беларускай жанчыны. Яна ведае, што ў прыгожых моцных руках – мір, лад, згода і жыццё, а яшчэ выхаванне
маленькіх беларусаў патрыётамі.
Да аўтапрабегу далучыліся прадстаўнікі розных грамадскіх аб’яднанняў, партый, члены Маладзёжнага савета пры райсавеце дэпутатаў – кожны хацеў умацаваць памяць сваім удзелам. Старт каля гарадскога стадыёна імя Генадзія Валюкевіча далі ў тым ліку актывісткі БСЖ.
– Беларускі саюз жанчын аб’ядноўвае сапраўдных патрыётак. Беларуская жанчына ведае, што шчасце складаецца з міру – у душы, у сям’і, у доме, у краіне. Таму гэты аўтапрабег – як жыццёвы пратэст супраць таго, што рабілі фашысты на савецкіх землях, гэта наша жалезнае слова ў тым, што мы не дазволім нікому перапісаць гісторыю.
Няхай мужчыны ведаюць, што жанчыны – гэта надзейны тыл, але разам з тым моцная падтрымка і апора, – адзначыла старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга Бурак.
У нашых сэрцах заўсёдныя боль і жалоба. Ляхавічанкі аб’ядналіся ў малітве. У Храме Святога Духа ў аграгарадку Падлессе адбыўся малебен у памяць пра ахвяры Хатынскай трагедыі.
На карце Ляхавіцкага раёна сённяшняе Марынова стала ўвасабленнем нашай памяці. Удзячных нашчадкаў тут сустракае помнік спаленым вёскам раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта ў гэтым месцы ўдзельніц аўтапрабегу віталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Георгій Хлябовіч, кіраўніцтва раёна і праваахоўных органаў, ваенкамата, а таксама ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба «Фартэцыя».
– Мы сведкі таго, як на працягу апошніх гадоў актыўна расследуецца крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа. Усё больш устанаўліваецца новых фактаў генацыду, месцаў пахавання мірных жыхароў, якіх бязлітасна знішчылі фашысты. Гісторыя той жудаснай вайны – гэта напамін пра кошт міру. А мір у сённяшніх рэаліях – гэта самае вялікае шчасце. Мітынг у Марынове каля помніка спаленым вёскам – сімвал нашай жалобы, вечнай памяці, абяцання берагчы мір. У нашых сэрцах – прага жыцця – стваральнага і незалежнага, – вітаў удзельнікаў аўтапрабегу намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк.
Кветкі да помніка і хвіліна маўчання – традыцыя нашай памяці!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.