Прафілактыка замест ліквідацыі

Эпідэміялагічная сітуацыя ў птушкагадоўчай галіне Польшчы
імкліва пагаршаецца з-за распаўсюджвання высокапатагеннага
штаму віруса H5N1. Паводле апошніх справаздач галоўнай ветэрынарнай інспекцыі суседняй дзяржавы, колькасць знішчаных птушак сёлета перавысіла ўжо чатыры мільёны. Пра гэта паведаміў партал Agro Profil.

Удар стыхіі адчулі Вялікапольскае і Лодзьскае ваяводствы, дзе вірус прайшоўся па буйных камерцыйных фермах і прыватных падвор’ях. Эксперты папярэджваюць, што страты непазбежна адаб’юцца на стабільнасці паставак і прывядуць да росту цэн на мяса птушкі.
Спецыялісты адзначаюць, што дынаміка распаўсюджвання хваробы ўказвае на захаванне небяспекі, і прагназуюць блізкі пік захворвання. Фермерам рэкамендавана падрыхтавацца да далейшых абмежаванняў і ўзмацнення ветэрынарнага кантролю для прадухілення новых выпадкаў заражэння.
На фоне напружанай эпідэміялагічнай абстаноўкі ў суседняй
Польшчы Беларусь робіць акцэнт на прафілактычных мерах. У той час як польскія гаспадаркі нясуць мільённыя страты ад вымушанага знішчэння пагалоўя, у нашай краіне праводзіцца планавая вакцынацыя свойскай птушкі супраць хваробы Ньюкасла, што дазваляе падтрымліваць эпізаатычны дабрабыт.

Адрозненне падыходаў відавочнае: у Польшчы ідзе барацьба
з ужо ўзніклымі ачагамі захворвання, ліквідуюць пагалоўе,
вытворцы фіксуюць эканамічныя страты і канстатуюць рызыку дэфіцыту прадукцыі.  А ў Беларусі наладжана сістэмная прафілактыка.  Паколькі высокапатагенны грып птушак на тэрыторыі нашай краіны афіцыйна не зарэгістраваны, ветэрынарная служба засяроджана на папярэджанні з’яўлення іншых пагроз праз абавязковую імунізацыю.


Так, Ляхавіцкая ветстанцыя на працягу некалькіх сакавіцкіх дзён бясплатна выдавала вакцыну ўладальнікам свойскай птушкі. Спецыялісты ветстанцыі тлумачылі, як правільна праводзіць імунізацыю, нагадвалі, што своечасовая вакцынацыя ў асабістых падвор’ях – абарона канкрэтнай гаспадаркі і важны ўклад у біялагічную бяспеку краіны, асабліва ва ўмовах актыўнай міграцыі дзікіх птушак і складанай сітуацыі ў суседніх дзяржавах.
За пару дзён у ветстанцыю за вакцыянай звярнуліся больш за сотню
жыхароў райцэнтра, а з улікам сельсаветаў – больш за пяць сотняў гаспадароў. Ляхавічанка Людміла Трыбух падзялілася, што пра вакцынацыю і яе важнасць даведалася з раёнкі. А пасля і ўсё атрымала, як і абяцалі – бясплатна. Ляхавічанін Мікалай
Лагун таксама трымае птушку і адзначае, што ў нашай краіне вялікую ўвагу надаюць не толькі здароўю людзей, але і клапоццяца пра здароўе свойскай жывёлы. І гэта істотная падтрымка для насельніцтва.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.