Купальны сезон па правілах. У Ляхавічах службы і арганізацыі аналізуюць, як прайшоў леташні купальны сезон, і рыхтуюцца да сустрэчы новага

Яшчэ месяц-другі, і пачнецца купальны сезон – 2026. А пакуль адпаведныя службы і арганізацыі аналізуюць, як прайшоў леташні сезон, і рыхтуюцца да сустрэчы новага. У кожнага свае задачы і планы.
Камунальная служба ў адказе за добраўпарадкаванне і ўладкаванне зоны адпачынку на рацэ Ведзьме ў Ляхавічах, аддзел па адукацыі райвыканкама – за адпаведныя работы ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Чайка», ТАА «Экарыбалка» – за арандаваную сажалку «Востраў». Як заўжды, у полі зроку супрацоўнікаў РАНС у плане бяспекі водныя аб’екты на тэрыторыі раёна. Санітарная служба будзе і далей кантраляваць мікрабіялагічныя паказчыкі вады, а міліцыя – каб на пляжах захоўваўся правапарадак. І, канешне, якасць падрыхтоўчых работ і ход купальнага сезона застаюцца пад кантролем улады.
Наколькі бяспечным будзе адпачынак на водных аб’ектах, якія пытанні патрабуюць неадкладнага вырашэння, ці вынікова арганізавана прафілактычная работа – тэма чарговай апаратнай нарады райвыканкама па асобных пытаннях, якія не церпяць адкладу.
Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч адзначыў, што, нягледзячы на разнастайную прафілактычную работу, леташні купальны сезон таксама трапіў у сумную статыстыку: на тэрыторыі Ляха-віцкага раёна ў мінулым годзе зарэгістравана гібель двух чалавек ад утаплення (за 2024 год – тры трагічныя выпадкі).
– Усе загінулыя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Гібель зарэгістравана ў неабсталяваных і забароненых для купання месцах, якія не кантралюцца ні МНС, ні Асводам. Каб папярэдзіць гібель людзей на вадзе, супрацоўнікі РАНС пастаянна праводзяць рэйды (летась, напрыклад, было арганізавана 423 такога кшталту мерапрыемствы), у тым ліку сумесныя з зацікаўленымі службамі. У полі зроку – і афіцыйныя зоны адпачынку, і так званыя «дзікія» пляжы. Мерам бяспекі праінструктавана 1 285 чалавек, з якіх 161 непаўналетні. Лічу эфектыўнай растлумачальную работу сярод насельніцтва па правілах паводзін на вадзе і каля вады. Таму будзем прадаўжаць гэту практыку і сёлета, – падкрэсліў Юрый Буйкевіч.
У Ляхавіцкім раёне ў купальным сезоне – 2026 афіцыйна будуць удзельнічаць тры зоны адпачынку, дзе дазволена купанне. Да дзвюх ранейшых – на рацэ Ведзьме ў Ляхавічах і на Шчары ў лагеры «Чайка» – далучылася яшчэ зона адпачынку на сажалцы «Востраў».
Аднак па-ранейшаму папулярныя і не толькі ў жыхароў Ляхавіччыны стыхійныя месцы масавага купання. У нашым раёне – гэта месца на рацэ Шчары ў аграгарадку Дарава, вадасховішча Мінічы каля вёскі Набярэжнай. Як адзначыў начальнік РАНС, вадасховішча Мінічы патрабуе павышанай увагі яшчэ па адной прычыне. Тут фіксуюцца неадзінкавыя факты карыстання плаваль-нымі сродкамі грамадзянамі без выратавальных камізэ-лек. Хаця іх выкарыстанне
з’яўляецца абавязковым, а за парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць згодна з артыкулам 18.7 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Таксама факты выхаду на плавальных сродках без выкарыстання выратавальных камізэлек выяўляліся летась на вадаёмах у Сваятычах, Зарытаве, Альхоўцах і іншых.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў адзначыў, што з мая супрацоўнікі райЦГіЭ пачнуць лабараторны кантроль за санітарным станам вады ў акваторыі афіцыйных зон адпачынку. У перыяд мінулагодняга купальнага сезона супрацоўнікі санітарнай службы праводзілі штотыднёвы кантроль бяспекі вады адкрытых вадаёмаў з мая па жнівень, усе пробы адпавядалі гігіенічнаму нарматыву па мікрабіялагічных паказчыках. Сёлета ўвесь азначаны комплекс мерапрыемстваў будзе прадоўжаны.
Начальнік РАУС Дзяніс Майсеня падкрэсліў, што і сёлета супрацоўнікі міліцыі падчас купальнага сезона будуць праводзіць разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне грамадскага правапарадку, дарожнай, асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян у зонах масавага адпачынку, стыхійных месцах масавага купання і на прылеглых да такіх месцаў тэрыторый.
Адназначна, пляж на рацэ Ведзьме з кожным годам становіцца ўсё больш уладкаваным. Ён абсталяваны альтанкай, арэлямі, ценевымі навесамі, дзіцячай гульнявой і спартыўнымі пляцоўкамі, раздзявальнямі, велапаркоўкай, туалетам, кантэйнернай пляцоўкай для збору і часовага захоўвання адходаў. На ўездзе да зоны адпачынку ўстаноўлены шлагбаўм для абмежавання праезду транспартных сродкаў на тэрыторыю зоны адпачынку, на пастаяннай аснове праводзяцца падкошванне і навядзенне парадку, праведзена частковая ачыстка акваторыі Ведзьмы на зоне адпачынку. Дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі запэўніў, што сёлета будуць прадоўжаны работы па ўладкаванні пляжа.
Галіна КАНЬКО.

