Пад маскай інтэрнэт-прадаўца – махляр

Інтэрнэт стаў незаменным спадарожнікам паўсядзённага жыцця.
На жаль, адначасова з плюсамі лічбавізацыі відавочныя і яе пэўныя мінусы. Адзін з якіх – кіберзлачыннасць.

Даводзіцца канстатаваць, што найчасцей злачынствы ў сферы інфармацыйных тэхналогій учыняюць не хакеры, якія ўзломліваюць камп’ютарныя сеткі, а самыя звычайныя махляры. Яны псіхалагічна граматна ўздзейнічаюць на людзей, якія паведамляюць махлярам свае асабістыя даныя, па іх указанні праводзяць грашовыя аперацыі, афармляюць крэдыты, пераводзяць грошы на ўказаныя рахункі.

Ахвяры кіберзлачынцаў – людзі розных узростаў, прафесій, сацыяльнага статусу. Але найбольш уразлівай катэгорыяй з’яўляюцца пажылыя грамадзяне і дзеці.

Сёння большасць грамадзян дастаткова інфармавана пра тое, як дзейнічаюць кіберзлачынцы. Але махляры рэгулярна мяняюць свае схемы падману і, адпаведна, у іх сеткі трапляюць усё новыя і новыя ахвяры. Па-ранейшаму актыўна распаў-сюджваецца махлярства пад выглядам продажу тавараў праз інтэрнэт. Сярод прапаноўваемых махлярамі – прадаўцамі тавараў – аўтазапчасткі, садовыя арэлі, навагоднія ёлкі, мабільныя тэлефоны, адзенне і абутак. Зламыснікі прапаноўваюць патэнцыяльным пакупнікам перавесці перадаплату за тавар і абяцаюць яго выслаць па пошце ці перадаць кур’ерам. Вынік заўжды адзін: пасля пераводу грошай усякія зносіны прадавец спыняе, і «кліент» застаецца ні з чым.
Лёгкія грошы вырашыў зарабіць 18-гадовы жыхар Ляхавіцкага раёна. Устаноўлена, што вясной мінулага года быццам бы для часовага карыстання, злоўжываючы даверам знаёмага, малады чалавек С. атрымаў ад яго ноўтбук коштам дзве тысячы рублёў, які потым прадаў. У кастрычніку – лістападзе, маючы намер авалодаць чужымі грашовымі сродкамі, размясціў на папулярных інтэрнэт-пляцоўках аб’явы аб продажы мабільных тэлефонаў і аўтамабіляў. Пры гэтым ён не меў ні намеру, ні рэальных магчымасцей выканаць прымаемыя на сябе абавязкі, бо не меў у наяўнасці ні аднаго, ні другога тавару.
Падчас перапіскі і тэлефонных размоў з патэнцыяльнымі пакупнікамі С. ствараў бачнасць добрасумленнага прадаўца і заклікаў грамадзян зрабіць перадаплату, прапаноўваў перавесці грашовыя сродкі на банкаўскую картку, якой сам карыстаўся. Такім чынам, С. «зарабіў» 2 750 рублёў, якія яму пералічылі шасцёра пацярпелых. Сёлета ў сакавіку суд Ляхавіцкага раёна разглядзеў крымінальную справу ў адносінах да С., якому прад’яўлена абвінавачванне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Падчас судовага пасяджэння абвінавачваны сваю віну прызнаў поўнасцю і чыстасардэчна раскаяўся ў зробленым. Прыгаворам суда С. прызнаны вінаватым у завалодванні маёмасцю шляхам падману і злоўжыванні даверам (махлярстве), учыненым паўторна. Згодна з часткай 2
артыкула 209 КК, яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады і 3 месяцы з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. На карысць пацярпелых з С. спагнана 2 170 рублёў на пакрыццё матэрыяльных страт і

300 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Адпаведна частцы 1 артыкула 46-1 КК прыменена спецыяльная канфіскацыя ў даход дзяржавы мабільнага тэлефона, які абвінавачваны выкарыстоўваў у якасці сродку ўчынення злачынства.
Кіберзлачынства – сур’ёзная праблема для грамадства. Каб з ёю змагацца, патрабуюцца ўвага і асцярожнасць карыстальнікаў інтэрнэту. Трэба быць уважлівымі, не паддавацца на прапановы набыцця недарагога тавару. Толькі так можна зменшыць шанц стаць ахвярай махляроў і абараніць ад іх і свае грошы, і асабістыя даныя.
Таццяна ЖЭРКО,
старшыня суда Ляхавіцкага раёна.