Адукацыя і культура без межаў


Актыўнай пляцоўкай узаемадзеяння выступаюць адукацыйная і культурная сферы. Юныя землякі актыўна ўдзельнічаюць у сумесных беларуска-расійскіх конкурсах і алімпіядах. Гімназія і СШ № 2 з’яўляюцца членамі Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі.

У лістападзе 2025 года адзінаццацікласнікі гімназіі на III Форуме Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс» прадставілі даследчы праект «Ляхавіцкая фартэцыя і крэпасць Ям як узоры бастыённых збудаванняў XV–XVIII стагоддзяў».
Запрашэнне на форум яны атрымалі дзякуючы перамозе на конкурсе даследчых праектаў «Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі: адзінства праз гісторыю і культуру». Навучэнцы 5 «Б» класа гімназіі ў дыстанцыйнай гульні па функцыянальнай адукаванасці, арганізаванай пры падтрымцы Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі, занялі трэцяе месца.

– Супрацоўніцтва з расійскімі равеснікамі дапамагае навучэнцам пашыраць кругагляд і фарміраваць пачуццё адзінства, – пераканана настаўнік гімназіі Таццяна Маслоўская.

СШ № 2 два гады ўваходзіць у Асацыяцыю школ Расіі і Беларусі па напрамках «патрыятычнае выхаванне» і «педагагічныя класы». Цікавасць навучэнцы праяўляюць да сумесных анлайн-урокаў. У рамках работы асацыяцыі штогод праходзяць урокі Памяці, прысвечаныя Дню Перамогі, гісторыка-патрыятычныя ўрокі «Маленькія сведкі вялікай вайны», «Быў горад-фронт, была блакада» і іншыя.
Сапраўдная сіла саюза – не ў дакументах. Яна – у людзях, у тым, як мы шануем агульную гісторыю і разам выхоўваем падрастаючае пакаленне.


Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма – заўсёдны ўдзельнік беларуска-расійскіх мерапрыемстваў. Міжнародныя вебінары, анлайн-сустрэчы за круглым сталом збіраюць бібліятэчных работнікаў гарадоў-пабрацімаў беларускіх Ляхавічаў і расійскага Ялутараўска, тэлемосты і іншыя формы анлайн-работы дапамагаюць стаць бліжэй прадстаўнікам краін-суседак…
Умацоўваюць культурныя сувязі і становяцца дыпламантамі міжнародных фестываляў-конкурсаў калектывы раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Сярод іх – народная арт-група «ВІНС-акорд» ГДК, арт-група «А.Л.О.» і Аляксей Якунін з Падлескага СДК, народная эстрадная група «Пачатак» ГДК, народны ансамбль гумару і песні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК, Сяргей Купчынскі (ГДК), народны вакальны ансамбль ветэранаў «Сівізна», выхаванцы ўзорнай дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва
«Апалон» ГДК і іншыя.
Дзень яднання Беларусі і Расіі – нагода чарговы раз усвядоміць, што мы – адна сям’я, моц якой – у падтрымцы адзін аднаго, плённым узаемадзеянні і агульным заўтрашнім дні.

Старшакласнік СШ № 2 Ягор Цямчык днямі стаў адным з пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу  «Я патрыёт сваёй краіны», які праводзіцца ў рамках беларуска-расійскай акцыі «Поезд Памяці». Перамога адкрыла яму шлях да ўдзелу ў фінале – у красавіку Ягор прадставіць Першы рэгіён на рэспубліканскім узроўні. А сёння дзеліцца:

– Праект дзвюх брацкіх народаў «Поезд Памяці» –  магчымасць дакрануцца  да гісторыі і адчуць сябе яе часткай.

Маршрут цягніка праходзіць па гарадах Расіі і Беларусі, дзе адбыліся ключавыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Сёння, калі некаторыя спрабуюць перапісаць гісторыю, асабліва важна гістарычная праўда, важна памятаць салдатаў Перамогі, хто здабыў мір і права на жыццё, дзякуючы каму мы сёння радуемся кожнаму дню і будуем смелыя планы на заўтрашні дзень.