Пра звароты грамадзян і тэрыторыю без тэлефонаў

Традыцыйна кожны трэці чацвер месяца праходзіць адзіны дзень інфармавання насельніцтва. У жніўні асноўная тэма тычылася адукацыі і навукі як асноўных рухаючых сіл развіцця грамадства і дзяржавы. Таксама ў цэнтры ўвагі сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў.

21 жніўня інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза сустрэлася з работнікамі
ДРБУ-200.
Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік спынілася на асноўных аспектах развіцця адукацыі ў краіне, на найбольш значных новаўвядзеннях, а таксама расказала пра сістэму адукацыі і дасягненні ў Ляхавіцкім раёне.
З 2025/2026 навучальнага года пачнуць дзейнічаць змяненні, унесенныя ў Кодэкс аб адукацыі. Сярод асноўных Іна Зубік назвала наступныя: 11-класнікі могуць быць вызвалены ад здачы цэнтралізаванага экзамену па медыцынскіх паказаннях (раней гэта тычылася толькі 9-класнікаў); выпускнікі, якія атрымалі на ЦЭ ноль балаў, атрымаюць другі шанц – пераздаць экзамен у жніўні. Для навучэнцаў 10-х класаў навучальны год завяршыцца 25 мая. Вучэбна-палявыя зборы будуць праводзіцца 10 дзён – з 26 мая і прадоўжацца, як і раней, да 5 чэрвеня. Замест двух у школах уводзяцца тры ўрокі фізкультуры на тыдзень. Такое новаўвядзенне дазволіць павысіць рухальную актыўнасць школьнікаў. Рабяты, якія атрымліваюць адукацыю дома, будуць мець магчымасць вывучаць новыя прадметы, такія як «выяўленчае мастацтва», «асновы бяспекі жыццядзейнасці», «чарчэнне», «мастацтва (айчынная і сусвет-
ная мастацкая культура)». Забараняецца дыстанцыйнае навучанне ў замежных школах дзяцей, якія жывуць у Беларусі. Прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі атрымаюць статус педагагічных работнікаў. Дзелавы стыль адзення становіцца абавязковым. І бадай адно з самых абмяркоўваемых новаўвядзенняў – абмежаванні на выкарыстанне смартфонаў і не толькі на ўроках, але і на перапынках. Для захавання гаджэтаў у кожнай школе вызначаны месцы, будуць прызначаны адказныя за захаванасць.
Іна Зубік расказала, што новы навучальны год на Ляхавіччыне пачнецца для 14 школ і 10 дзіцячых садоў. Плануецца, што за школьныя парты сядзе больш за 2 220 навучэнцаў. А дашкольныя ўстановы напоўняцца галасамі 573 выхаванцаў. У сістэме адукацыі раёна працуе каля 950 чалавек, з якіх 540 – педагогі. Не абышла ўвагай дакладчык і прафарыентацыйную работу ва ўстановах адукацыі – на гэта цяпер асаблівая ўвага. У школах горада і гімназіі дзейнічаюць профільныя класы педагагічнай накіраванасці. У 2024 годзе ў СШ № 2 адкрыты медыцынскі клас. Сёлета ў гімназіі адбыўся першы выпуск інжынернага класа. Таксама дзейнічаюць групы аграрнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Важна, што выпускнікі класаў ці груп прафесійнай накіраванасці маюць ільготы пры паступленні ў профільныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сёлета з 10 выпускнікоў інжынернай групы 7 паступілі на інжынерныя спецыяльнасці, з 13 выпускнікоў педкласаў 6 выбралі прафесію педагога, трое з 8 выпускнікоў аграрнай групы будуць вучыцца ў аграрных ВНУ. Пяцёра з 18 выпускнікоў ваенна-патрыятычных груп паступілі на спецыяльнасці сістэмы бяспекі.
Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Валуй агучыла вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіцкага раёна за першае паўгоддзе і адзначыла, што раён спрацаваў без страт. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што асаблівая ўвага надаецца вырашэнню
сацыяльна значных пытанняў, якія ўздымаюць жыхары Ляхавіччыны. Так, дзякуючы, у тым ліку, ініцыятыўнасці грамадзян асфальтуюцца дарогі ў горадзе і вёсках, пачнецца будаўніцтва басейна, завяршаецца капітальны рамонт даху гімназіі і спартыўнай залы СШ № 2.
Далей адбыўся зацікаўлены дыялог паміж членамі ІПГ і дарожнікамі. У прыватнасці работнікі ДРБУ-200 задавалі пытанне наконт таго, як будзе рэалізоўвацца праект «Школа –тэрыторыя без тэлефона». Актыўна абмярковалася тэма адпачынку не толькі моладзі, але і ляхавічан сярэдняга ўзросту. Мікалай Мароз паабяцаў, што прапанова будзе разгледжана.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак акцэнтавала ўвагу на тым, што зараз ідзе вельмі шырокі паток інфармацыі, таму важна атрымліваць яе з правераных крыніц. Калі канкрэтна для Ляхавіччыны, то гэта разнастайныя электронныя рэсурсы «Ляхавіцкага весніка» і Ляхавіцкага райвыканкама.
Размова са старшынёй райвыканкама прадоўжылася і пасля. Сярод зададзеных пытанняў – якасць работы сотавай сувязі.
ІПГ, якую ўзначальвае кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч, правяла сустрэчу з калектывам раёна электрасетак.
Таксама адзіны дзень інфармавання прайшоў у лясгасе і Крывошынскім сацыяльным пансіянаце «Рэпіхава».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.