Каму грошы, а каму – пусты кашалёк. На жаль, усё больш нашых землякоў становяцца ахвярамі зламыснікаў, якія «іграюць» на людскіх слабасцях

На жаль, усё больш нашых землякоў становяцца ахвярамі зламыснікаў, якія «іграюць» на людскіх слабасцях. Так ляхавічанін 1983 г. н. у стужцы навін у сацыяльнай сетцы ўбачыў рэкламу быццам банка, які прапанаваў залічыць на рахунак 150 рублёў новым кліентам. Мужчына перайшоў па спасылцы, і яму прапанавалі ўвесці даныя плацежнай карткі. Пасля прыйшоў код пацвярджэння, які мужчына таксама адправіў. Гэтымі маніпуляцыямі ён адкрыў махлярам доступ да сваіх даных, у выніку чаго з карткі ляхавічаніна спісана больш за чатыры тысячы рублёў.

Ляхавічаніна 1978 г. н. зацікавіла прапанова продажу цыгарэт, якія ў інтэрнэце рэкламаваў прадавец. Для набыцця тавару трэба было перавесці 350 рублёў. Пасля атрымання грошай прадавец перастаў выходзіць на сувязь.

Ляхавічанцы 1987 г. н. спатрэбілася садовая мэбля. У сацыяльнай сетцы яна знайшла аб’яву, дзе прыгожа распісваліся знешнія «даныя» і якасць жаданага тавару. З дастаўкай атрымалася 615 рублёў, якія жанчына і перавяла прадаўцу. А той прапанаваў скарыстацца 50-працэнтнай скідкай і набыць яшчэ і садовае крэсла, якое каштавала 390 рублёў, а стала – 200. Ляхавічанка павялася і ў выніку анлайн-куплі – ні грошай, ні тавару.
Ва ўсіх выпадках узбуджаны крымінальныя справы, праводзяцца расследаванні.

Для злодзея таварышаў няма

16 жніўня ляхавічанін 1991 г. н. выкраў у вёсцы з дома свайго знаёмага тэлевізар, а з гаража забраў бензакасу. Страта вяскоўца 1961 г. н. склала 1 600 рублёў. РАСК узбудзіў крымінальную справу,
аматар чужых рэчаў затрыманы.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
начальнік РАСК.