Энергія з павышанай надзейнасцю. У Ляхавічах пачалося будаўніцтва кабельных ліній напружаннем 10 000 вольт

У Ляхавічах пачалося будаўніцтва кабельных ліній напружаннем 10 000 вольт ад падстанцыі «Ляхавічы» (на ўчастку трансфарматарных падстанцый па вуліцы Леніна да вуліцы Чкалава). Агульная працягласць новай лініі складае 1,22 кіламетра.
– Праект – чарговы крок у планамернай мадэрнізацыі энергетычнай інфраструктуры райцэнтра. Змены накіраваны на павышэнне надзейнасці электразабеспячэння спажыўцоў, мадэрнізацыю размеркавальнай сеткі горада, – адзначыў начальнік Ляхавіцкага РЭС Дзмітрый Шашнін.
Работы вядуцца ўстаноўкай з выкарыстаннем метаду гарызантальнага накіраванага бурэння. Тэхналогія дазваляе пракладваць кабельныя лініі без раскопак вялікіх траншэй, што па магчымасці захоўвае дарожнае пакрыццё і асабліва актуальна для гарадскіх вуліц. Спецыялісты прыступілі да падрыхтоўчых работ і бурэння пераходаў. Уся лінія будзе выканана з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў і абсталявання, што гарантуе яе доўгі тэрмін службы і бяспеку эксплуатацыі. Работы вядуцца падрадчыкам без стварэння нязручнасцяў для жыхароў горада.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.






