Неаб’яўленая вайна на інфармполі

Палітыка двайных стандартаў даўно стала візітоўкай ЗША
і Захаду. Можна прыводзіць мноства прыкладаў. Так, па прычыне ваеннай аперацыі ва Украіне і сёння расійскія і беларускія атлеты пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у сусветных спаборніцтвах у многіх відах спорту.

І ў той жа час гэта не тычыцца спартсменаў Ізраіля, які вядзе вайну з Іранам. Увогуле, згодна з заходняй палітыкай двайных стандартаў, правы чалавека ўлічваюцца тады, калі размова ідзе пра зручныя для Захаду меркаванні.
Цяпер пра сродкі масавай інфармацыі. Адзін перад другім ЗША і Захад «хвалююцца» за лёс недзяржаўных СМІ ў Беларусі, маўляў, іх тут прыгнятаюць, не даюць разгарнуцца. Пры гэтым замоўчваюць, што ўсе гэтыя так званыя незалежныя СМІ займаюцца экстрэмісцкай дзейнасцю, праводзяць антыдзяржаўную палітыку. А тое, што адбылося некалькі дзён назад, і ўвогуле цяжка зразумець. На гэты раз «наперадзе ўсёй планеты» амерыканская платформа YouTubе. Па палітычных (іншага тлумачэння адназначна быць не можа) матывах Ютуб выдаліў акаўнты беларускіх каналаў АНТ, СТВ і мільённік БелТА.

Інакш, як помстай амерыканскага відэахостынга за праўду, якая гучала ад гэтых СМІ, зробленае не назавеш.

Сотні тысяч людзей ва ўсім свеце пазбаўлены магчымасці з першых вуснаў даведацца, чым жыве Беларусь тут і цяпер. А калі ўлічыць той факт, што для многіх беларусаў, якія зараз жывуць у іншых краінах, АНТ, СТВ, БелТА былі адзінай нітачкай, што звязвала іх з Радзімай, то і ўвогуле няцяжка зразумець, наколькі балюча адаб’ецца на людзях такое рашэнне.
У заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі адзначана, што «гэтыя медыя (БелТА, АНТ, СТВ) з’яўляюцца асновай інфармацыйнага суверэнітэту краіны і валодаюць шматмільённай аўдыторыяй як унутры Беларусі, так і за яе межамі». Таксама ў заяве адзначана, што блакіроўка СМІ – гэта парушэнне артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН і базавых прынцыпаў АБСЕ ў галіне свабоды СМІ. А тым часам пераважная большасць міжнародных структур звыкла маўчыць, быццам нічога не адбылося. І такая пазіцыя ўжо не здзіўляе. Але і тут, на шчасце, ёсць выключэнні. Сусветная федэрацыя журналістаў асудзіла блакіроўку беларускіх СМІ у YouTube і выступіла з тэрміновай заявай аб рашучай абароне свабоды прэсы і ўсеагульнага права на інфармацыю. І назвала
неабгрунтаванае выдаленне акаўнтаў трох буйнейшых беларускіх СМІ абуральным актам лічбавай цэнзуры і прамой эскалацыяй інфармацыйнай вайны.
Сёння нашы каналы – на Rutube, у VK відэа і, канешне, на Videobеl.by. Глядзім, разважаем, робім высновы.

Галіна КАНЬКО.