Навучэнцаў устаноў адукацыі Ляхавіччыны на раённым конкурсе «Паэтычная вясна з Алесем Бадаком» шчыра віталі ў Конькаўскай СШ

8 красавіка навучэнцаў устаноў адукацыі Ляхавіччыны на раённым конкурсе «Паэтычная вясна з Алесем Бадаком» шчыра віталі ў Конькаўскай СШ.

Сустрэча стала святам творчасці, паэтычнага натхнення і любві да беларускага слова. Больш за 30 юных талентаў дэкламавалі вершы і спявалі песні на словы нашага земляка, празаіка, паэта, дзіцячага пісьменніка, публіцыста, перакладчыка і дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Бадака. Прысутнасць высокага госця надала конкурсу асаблівы статус і стала магутным стымулам для ўдзельнікаў. Разам з Алесем Бадаком акцёрскае майстэрства і арыгінальнасць сцэнічнага вобраза ацэньвалі дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч і намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко. Сярод ганаровых гасцей – першая настаўніца Алеся Бадака – Ала Канстанцінаўна Калядзіч.

– Мэта конкурсу – нагадаць падрастаючаму пакаленню пра багацце і прыгажосць роднай мовы, -адзначыў дырэктар школы Аляксандр Шалік і пажадаў кожнаму ўдзельніку ўдачы і перамогі.
Канкурсанты спаборнічалі ў трох намінацыях і ў розных узроставых катэгорыях: «Літаратурныя творы Алеся Бадака», «Музычныя творы на словы Алеся Бадака», «Творы ўласнага сачынення».

Конкурс прайшоў у цёплай і натхнёнай атмасферы. Хто ведае, можа, менавіта сёння на сцэне Конькаўскай СШ рабіў першыя крокі будучы класік беларускай літаратуры. Падарункі і прыемныя сюрпрызы для канкурсантаў падрыхтавалі ААТ «Шлях новы», раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», ІП Віталій Манахаў.