«Чайка» рыхтуецца да лета. У Ляхавіцкім раёне поўным ходам ідзе падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі

У Ляхавіцкім раёне поўным ходам ідзе падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі. Лагер «Чайка», які штогод прымае летам больш за чатыры сотні хлопчыкаў і дзяўчынак, рыхтуецца адчыніць свае дзверы ўжо 2 чэрвеня. Адна з галоўных задач, якую ставяць перад сабой дарослыя, – стварэнне бяспечных і камфортных умоў знаходжання дзяцей.

Традыцыйна падрыхтоўка да летняга сезона ў «Чайцы» пачынаецца загадзя і ідзе згодна з графікам. Праводзяцца рамонтныя работы, абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база, правяраецца абсталяванне. І калі першыя атрады заедуць на тэрыторыю лагера, іх сустрэнуць
не толькі прыгожы лес, свежае паветра і новыя сябры, але і атмасфера поўнай бяспекі – той, якая дазволіць бацькам быць спакойнымі, а
дзецям атрымліваць асалоду ад канікулаў.
­– Правяраюцца гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, работа супрацьпажарнай сістэмы: спраўнасць сігналізацыі, наяўнасць першасных сродкаў пажаратушэння, стан электраправодкі. Будзе абследавана дно вадаёма. У фокусе ўвагі – санітарна-тэхнічны стан корпусаў, умовы пражывання, – адзначае намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко. – Сярод запланаванага – бягучы рамонт даху адміністрацыйнага корпуса і медблока. Ва ўсіх корпусах прадугледжаны касметычны рамонт, замена жалюзі, у шостым ідзе і бягучы рамонт, замена ўваходных дзвярэй. На ўсе работы з розных крыніц выдзелена каля 70 тысяч рублёў. Таксама набыты 20 тумбачак і столькі ж крэслаў, шафы. Да таго, за кожнай установай адукацыі замацаваны асобны корпус, і калектывы школ рэгулярна арганізуюць суботнікі па навядзенні чысціні і парадку.

Летнія канікулы – час радасці і прыгод, але таксама і перыяд, калі дзеці застаюцца без пастаяннага нагляду бацькоў. У лагеры гэтую функцыю бяруць на сябе важатыя, выхавальнікі, медыкі і іншыя. Задача дарослых – стварыць такое асяроддзе,
дзе дзіця можа весела і з карысцю праводзіць час у бяспечных умовах.

«Чайка» – тэрыторыя ахоўваемая. Тут кругласутачна дзяжураць супрацоўнікі РАУС. Падчас кожнай змены ў складзе калектыву
аздараўленчага лагера медыкі і повары. «Чайка» традыцыйна карыстаецца папулярнасцю ў юных адпачывальнікаў. Падчас пяці змен сёлета іх будзе 410. Прыём заяў на аздараўленне дзяцей у «Чайцы» аддзел па адукацыі райвыканкама аб’явіў яшчэ 10 сакавіка. Мясцовыя прадпрыемствы актыўна браніруюць пуцёўкі для дзяцей сваіх работнікаў. Па словах Марыны Глушко, на другую, трэцюю і чацвёртую змены пуцёўкі ўжо раскуплены. Больш за паўсотні пуцёвак забраніраваны для сацыяльна ўразлівых катэгорый: дзяцей-сірот, выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і іншых.
Кошт пуцёўкі ў аздараўленчы лагер «Чайка», у залежнасці ад узросту адпачывальнікаў, складае больш за 600 рублёў, з якіх 302 рублі –
дзяржаўная датацыя. З астатняй сумы большую частку аплачваюць арганізацыі, у якіх працуюць бацькі.
Першая змена запланавана з 2 па 16 чэрвеня, другая – з 18 чэрвеня па
2 ліпеня, трэцяя пачнецца 7 ліпеня і прадоўжыцца да 21 ліпеня. Чацвёртая – з 23 ліпеня па 6 жніўня, а пятая – з 10 па 24 жніўня.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.