Напоўніцца Грушаўка грушавым водарам. Актывісткі Ляхавіцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» далучыліся да рэспубліканскай акцыі па пасадцы садоў

У Год беларускай жанчыны напярэдадні Свята працы неабыякавыя
актывісткі Ляхавіцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» далучыліся да рэспубліканскай акцыі па пасадцы садоў. У якасці лакацыі выбраны палацава-паркавы ансамбль «Грушаўка»
– На Ляхавіччыне берагуць культурна-гістарычную спадчыну. У нашым раёне нямала месцаў, прыцягальных для турыстаў з Беларусі і
не толькі. Адно з такіх – палацава-паркавы ансамбль «Грушаўка». Менавіта ў Грушаўцы зямлячкі – актывісткі БСЖ у мінулую сераду пасадзілі сад. І як жа сімвалічна – грушавы ў Грушаўцы. 25 саджанцаў – грушы, а таксама яблыні і вішні – утульна размясціліся на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля. Упэўнена, што высаджаныя з любоўю дрэўцы стануць сапраўдным упрыгожваннем гэтага месца,
ахутанага мноствам гістарычных тайнаў. А з часам турысты будуць атрымліваць асалоду не толькі ад цудоўных мясцовых краявідаў, але і ад смаку грушаў, вішняў і яблык. Гэта падарунак ад ляхавічанак да 35-годдзя Беларускага саюза жанчын, – адзначыла старшыня РА ГА «БСЖ» Вольга Бурак.
Цудоўная атмасфера панавала ў Грушаўцы падчас прыгожага працоўнага дэсанта. Прадстаўніцы пярвічак БСЖ з розных арганізацый і ўстаноў раёна высаджвалі саджанцы. Канешне,
беларуская жанчына можа ўсё, але ў пасадцы дрэў дапамога мужчын
дакладна не лішняя. І вось так талакой даволі хутка на яшчэ адну зялёную тэрыторыю стала больш. Кожнае дрэўца ўпрыгожана сіняй стужкай – сімвалам БСЖ. Прыемна і ганарова, што сваё дрэўца – і гэта вішня – пасаджана «веснікаўцамі».
А шыльда з надпісам «Сад закладзены ў Год беларускай жанчыны» будзе нагадваць, што прадстаўніцы прыгожай паловы Ляхавіччыны не толькі шануюць гісторыю, але і ўносяць важкі ўклад у добраўпарадкаванне і ўпрыгожванне сваёй малой радзімы.
Фруктовы сад і ў бела-ружовай квецені вясной, і з сакавітымі ягадамі і фруктамі летам і восенню, і ў снежным уборы зімой будуць радаваць многія пакаленні.
Пасадка фруктовага саду – чарговы залік у скарбонку добрых спраў ляхавічанак, якія разам з іншымі землякамі робяць кожны куточак сваёй Радзімы ўсё больш утульным, прыгожым і прывабным. І такіх чыстых і карысных спраў наперадзе яшчэ шмат. Далучайцеся!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

