Падраду не рады?

На фоне яшчэ вельмі свежага ў памяці будаўнічага буму пазамінулых вясны і лета, калі Ляхавічы з’яўляліся цэнтрам прыцягнення будаўнічых арганізацый ці не з усёй вобласці, леташні і асабліва сёлетні спад аб’ёмаў будаўнічых падрадаў выглядае надзвычай кантрастна. Пра гэта і многае іншае ішла размова з намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта Вячаславам Самахвалам, які адказвае, у тым ліку, і за будаўнічы сегмент раённага гаспадарчага комплексу.

Складанасць сітуацыі ў значнай ступені абумоўлена прычынамі знешнеэканамічнага характару. Хоць, канешне, справа не толькі і, магчыма, не столькі ў гэтым. Будзе справядлівым гаварыць і пра ўпушчэнні ў рабоце асобных кіраўнікоў, структурных падраздзяленняў, арганізацый: не праявілі належнай настойлівасці, не прадэманстравалі гібкасці, былі не дастаткова крэатыўнымі і таму падобнае. У выніку маем, што маем. Пад катэгорыю так званага новага будаўніцтва, што вядзецца на тэрыторыі раёна, можна аднесці ўзвядзенне дамоў сядзібнага тыпу ў аграгарадках Жарабковічы і Русінавічы. Мясцовыя сельгаскааператывы “Жарабковічы” і “Ляхавіцкі” “падымаюць” іх для сваіх работнікаў.
Па інфармацыі Вячаслава Самахвала, будаўніцтва трох жарабковіцкіх катэджаў выйшла ўжо на фінішны адрэзак: засталося завяршыць чыставую аддзелку, устанавіць некаторыя бытавыя прыборы і абсталяванне. Плануецца здаць дамы “пад ключ” ужо напачатку лета.
У Русінавічах растуць чатыры новыя аднакватэрныя дамы. Можна выкарыстаць формулу “2 плюс 2”, улічваючы неаднолькавыя тэрміны пачатку і, адпаведна, завяршэння іх будаўніцтва. Фінансуюць работы сельгаскааператывы з прыцягненнем ільготных, “доўгіх” банкаўскіх крэдытаў. У якасці падрадчыкаў выступаюць Ляхавіцкія ПМК-17 і ПМК-13, адпаведна.
Параўнальна нядаўна арганізацыя вярнулася на свой стары аб’ект — малочнатаварную ферму СВК “Шлях новы” ў вёсцы Сакуны. Першы камень у падмурак фермы новага тыпу быў закладзены некалькі гадоў назад. Аб’ект падымаўся па меры паступлення сродкаў, здараліся перапынкі ў будаўніцтве. Паралельна закуплялася тэхналагічнае абсталяванне. Апошні факт – наяўнасць даільнага абсталявання – стаў козырам, дзякуючы якому з абласнога бюджэту было выдаткавана 2,5 мільярда рублёў на працяг будаўніцтва: дарагое абсталяванне не павінна грудай жалеза ляжаць на складзе замест таго, каб працаваць і вяртаць укладзеныя ў яго грошы. Па разліках, гэтай сумы хопіць для ўвядзення ў дзеянне аднаго з двух кароўнікаў і малочнага блока. Няхай і на 50 працэнтаў праектнай магутнасці, аднак, МТФ пачне працаваць.
Ёсць у ПМК-13 і падрад па-за межамі Ляхавіччыны. У населеным пункце Сошна Пінскага раёна ўзводзіцца магутны свінагадоўчы комплекс. Сярод іншых будаўнічых арганізацый Брэстчыны задзейнічаны там і нашы будаўнікі. І гэта ўсё, на чым замыкаецца асноўная вытворчая дзейнасць арганізацыі.
Складанасць становішча ПМК-17 у значнай ступені абумоўлена даўгамі. Некаторыя з заказчыкаў пакуль не могуць разлічыцца з арганізацыяй за раней выкананыя работы. Негатыву дабаўляе дэфіцыт падрадаў. На даны момант паслугі ПМК-17 запатрабаваны на работах па цеплавой рэабілітацыі трохпавярховага жылога дома ў вёсцы Задвор’е. Праўда, у якасці субпадрадчыка ў Брэсцкага СПМК-15. Рэабілітацыя стартавала ў мінулым годзе з перапынкам на зіму. Першым этапам быў узведзены шатровы дах, уцеплена 50 працэнтаў гарышча. На права завяршыць работы ў гэтым годзе быў аб’яўлены конкурс. “Лот” дастаўся не мясцовым, а брэсцкім будаўнікам, якія ацанілі сваю работу істотна танней прапанаваных заказчыкам 1,4 мільярда рублёў. А “знойдзеныя” такім чынам грошы будуць выкарыстаны на выкананне раней не прадугледжаных работ. Напрыклад, на замену вокнаў лесвічных клетак, замену дзвярэй пад’езда.
Напярэдадні сезона дзіцячага адпачынку актыўныя рамонтныя работы вядуцца ў аздараўленчым лагеры “Чайка”. У выбары падрадчыка выкарыстоўвалася такая ж конкурсная схема. І, як у выпадку з Задвор’ем, з’явіліся “лішнія” грошы, якія пойдуць на раней не запланаваныя, аднак, мэтавыя мерапрыемствы. Падрад па “Чайцы” не такі ўжо і вялікі, складае прыкладна 400 мільёнаў рублёў. Але не ёсць добра, што і яны пойдуць не на рахунак раённых будаўнікоў: тэндар не ўпусціла адна з прыватных будаўнічых фірмаў з Баранавіч…
Дарожнае будаўніцтва – таксама будаўніцтва. Ляхавіцкае ДРБУ-200 працуе зараз на вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры. Вырашана частку сродкаў, выдаткаваных на бягучы рамонт дарожнай сеткі, пусціць на пракладку тратуарнай дарожкі ад скрыжавання з вуліцай Леніна да скрыжавання з вуліцай Працоўнай. Часткова можна ўжо назіраць плён намаганняў дарожнікаў. На перспектыву запланавана зрабіць асвятленне ўздоўж тратуара, падсветку ўязнога знака “Ляхавічы”. Скрыжаванне “Леніна-Арлоўскага” атрымае святлафорнае рэгуляванне.
Перспектывай трэцяга-чацвёртага кварталаў года з’яўляецца і завяршальны этап работ па будаўніцтве станцыі абязжалезвання ў аграгарадку Нача. Можна ўзгадаць у працяг тэмы, што такі ж аб’ект у Ляхавічах з нядаўняга часу працуе ў рабоча-тэставым рэжыме. Для канчатковай здачы яго патрабуецца, напрыклад, правесці дэмантаж старога абсталявання. З уводам станцыі многае з існуючага аказалася па-за новай тэхналогіяй у сістэме водазабеспячэння.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *