УНС – гэта адказнасць

Чарговы рабочы дзень у выбарчай акрузе дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Георгія Хлябовіча, як заўжды, насычаны. 18 лістапада ў працоўным плане парламентарыя значыліся сустрэчы з насельніцтвам, маніторынг школьнага харчавання, прыём грамадзян і юрыдычных асоб, сустрэчы з працоўнымі калектывамі і актыўнай моладдзю і, канешне, работы па хірургічным профілі. Як заўжды, Георгій Яўгеньевіч праводзіць некалькі аперацый у Ляхавіцкай ЦРБ.

Нядаўна Ляхавіччына атрымала ў свой медыцынскі арсенал перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт. Такі бонус да медабслугоўвання насельніцтва раёна паспелі ўжо ацаніць жыхары Каранёў, Ураджайнай, Каранеўшчыны, Літвы…
– Работу перасоўнага фельчарска-акушэрскага пункта праінспектавалі, калі ён абслугоўваў насельніцтва ў Навасёлках Крывошынскага сельсавета. Канешне, мабільнасць і высокая тэхнічная аснашчанасць такога ФАПа станоўча адаб’юцца на медабслугоўванні. Мы сёння працуем на тое, каб медабслугоў-
ванне ў сельскіх населеных пунктах было якасным, даступным, своечасовым, адпавядала запытам землякоў. І, што важна, вяскоўцы такую абноўку прынялі на ўра, абслугоўваннем задаволены, –
адзначыў Георгій Хлябовіч.
Традыцыйная форма работы ў акрузе – прыём грамадзян, падчас якога вопыт старэйшых калег перанімаюць члены Маладзёжнага савета пры райсавеце дэпутатаў.

– Для нас важна, каб нашы малодшыя калегі бачылі працэс дэпутацкай работы не ў тэорыі, а на практыцы. Таму заўжды запрашаем на прыёмы грамадзян, выязныя пасяджэнні, сесіі, прамыя тэлефонныя лініі членаў Маладзёжнага савета. Пасля абавязкова абмяркоўваем, моладзь прапаноўвае свае варыянты вырашэння праблем, важна, што падчас такой практыкі мы знаёмім іх з заканадаўчай базай, працэдурамі. А самае галоўнае – мы чуем моладзь, бачым, што яе хвалюе, і даём магчымасць стаць актыўным удзельнікам грамадска-палітычнага жыцця, – адзначыў старшыня дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.

Пытанне школьнага харчавання – заўжды тэма гарачая. На новы фармат харчавання перайшлі ўсе школы раёна – абноўленае меню, варыятыўнасць страў у залежнасці ад сезона, меню адаптавана пад густы рабят. Як гэта адбываецца на практыцы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў азнаёміўся падчас школьнага абеда ў гімназіі.
Салат са свежых памідораў, пюрэ з бульбы і курыны шашлычок, боршч… – усё гэта літаральна ўлятала з талерак. На пытанне, як вам сённяшні абед, рабяты аднагалосна адказвалі: смачна, класна, апетытна!
А як па-іншаму, калі арганізацыя і падыходы да харчавання максімальна набліжаны да запытаў школьнікаў. Штомесячна рабяты праходзяць анкетаванне, дзе ацэньваюць стравы, а бацькі раз у квартал дэгустуюць стравы ад школьных павароў. Пад кантролем усё: ад порцый да колькасці адходаў. Праблемныя моманты ёсць. Канешне, калі ў меню рыбныя стравы – смажаная рыба ці рыбны суп – адходаў больш. І часцей за ўсё гэта звязана з тым, што рабяты
не прывучаны да рыбных страў. Прасцей кажучы, дома рыба не частая страва за сямейным сталом. Таксама пагаварылі пра кошт харчавання, бацькоўскую даплату. Дарэчы, у гімназіі, напрыклад 54 працэнты школьнікаў харчуюцца за кошт дзяржавы.

Важныя тэмы бяспекі, пытанні дзяржаўнай важнасці гучалі падчас сустрэчы дэпутата Палаты прадстаўнікоў з калектывам занальнага вузла электрасувязі РУП «Белтэлекам». На парадку дня – «Кібербяспека і прафілактыка кіберзлачыннасці».
Таксама да дэпутата паступіла просьба дапамагчы ў вырашэнні пытання добраўпарадкавання: ляхавічанін узгадаў нядаўна заасфальтаваную вуліцу Раганава. Аднак было б добра, каб дарога ад гэтай вуліцы да аўтавакзала (прыкладна 130 метраў) таксама набыла асфальтаванае пакрыццё.
Георгій Хлябовіч нагадаў, што 18-19 снежня адбудзецца другое пасяджэнне сёмага Усебеларускага народнага сходу. У ліку пытанняў – прыняцце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады.
– Мінулае пасяджэнне стала вызначальным у плане бяспекі. Былі прыняты важнейшыя дакументы – Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. А цяпер наступны крок – Беларусь вызначыць свой план развіцця на бліжэйшыя пяць гадоў. Нам важна азірнуцца назад і паглядзець, што мы зрабілі, ацаніць работу кожнага. Я член камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, мне бліжэй тыя праграмы, якія закранаюць, напрыклад, здароўе чалавека, яго сацыяльны дабрабыт, інклюзіўную сферу, спартыўнае асяроддзе і іншае. З 28 прапанаваных праграм пяць накіраваны менавіта на павышэнне сацыяльнага дабрабыту. Важнасць пасяджэння пераацаніць цяжка – мы гаворым пра напрамкі, куды будуць накіраваны значныя бюджэтныя сродкі. Таму зараз важна скіраваць увагу на праект праграмы, абмеркаваць многае з землякамі. УНС – гэта не толькі работа дэлегатаў, гэта пра адказнасць кожнага, – адзначыў Георгій Хлябовіч.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

