Актуальна для ўсіх і кожнага. У Ляхавічах працаваў міністр юстыцыі Яўгеній Каваленка

У межах адзінага рэспубліканскага дня інфармавання Яўгеній Каваленка сустрэўся з калектывам СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Тэма сустрэчы актуальная – «Кібербяспека і прафілактыка кіберзлачыннасці».

Не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце кібератакі на інфармацыйную структуру – адна з найбольш значных і пастаянна ўзрастаючых пагроз для глабальнай бяспекі. Па выніках мінулага года Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы сярод краін СНД, якія часцей за ўсё трапляюць пад кібератакі. Кожная пятая атака ў нашай краіне прыпадае на дзяржсектар, далей – сфера прамысловасці, фінансавая галіна. Дарэчы, кожная другая кібератака прыводзіць да ўцечкі канфідэнцыяльных даных. Такую інфармацыю агучыў міністр юстыцыі. Актуальнай застаецца і праблема крадзяжу грошай з банкаўскіх картак і электронных кашалькоў.

Яўгеній Каваленка падкрэсліў, што ў Беларусі прыняты шэраг сістэмных мер, а барацьба з кіберпагрозамі вядзецца на некалькіх узроўнях. Так, дзейнічаюць Указ Прэзідэнта Беларусі № 40
«Аб кібербяспецы», Закон «Аб абароне персанальных даных».
Дзякуючы комплекснаму шматузроўневаму механізму супрацьдзеяння кібератакам сёлета ўдалося знізіць (амаль на 11 працэнтаў) колькасць кіберзлачынстваў.
Міністр акцэнтаваў увагу на сацыяльным партрэце ахвяраў кібермахляроў. Як правіла, жанчыны трапляюць пад уздзеянне псіхалагічных маніпуляцый па тэлефоне і махлярстваў, звязаных з набыццём-продажам тавараў, аказаннем паслуг і дабрачыннасцю. А вось мужчыны часцей пападаюцца на схемах, што выкарыстоўваюцца на сайтах знаёмстваў. Па-ранейшаму найбольш уразлівымі застаюцца дзеці і пажылыя грамадзяне. Калі гаварыць пра сацыяльны статус ахвяр махляроў, то ў асноўным гэта беспрацоўныя, якія трапляюць у інвестыцыйныя капканы.
– Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, абсалютную абарону ад кібератак не гарантуе ні адна сістэма абароны, але мы павінны мінімізаваць рызыкі. Вось чаму неабходна лічбавая гігіена, пры якой выкананне простых правілаў паводзін у сетках дазваляе абараніць персанальныя даныя, фінансы ад кібермахляроў, – сказаў Яўгеній Каваленка.
Міністр юстыцыі адказаў на пытанні завадчан. Адно з іх тычылася магчымага павышэння пенсійнага ўзросту. Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што ў бліжэйшы час павышэнне ўзросту выхаду на заслужаны адпачынак не плануецца. Разам з тым у краіне нямала жыхароў, якія па ўзросце пенсіянеры, але адчуваюць сілы і могуць працаваць і далей. Тым больш, што прадпрыемствы і арганізацыі зацікаўлены ў такіх кадрах, якія перадаюць вопыт маладым.
Адказваючы на пытанне наконт чаканняў ад работы УНС, Яўгеній Каваленка падкрэсліў:
– Усебеларускі народны сход сфарміраваны з прадстаўнікоў розных сфер, галін, сацыяльных груп, узросту, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Такім чынам тут прадстаўлены ўсе катэгорыі грамадства. Канешне, асноўнае – сход прыме праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшую пяцігодку. І гэта тычыцца кожнага беларуса. Мы павінны цаніць, берагчы і захоўваць для наступных пакаленняў асноўныя здабыткі – бясплатныя медыцыну і адукацыю, гісторыка-культурную спадчыну, разнастайныя сацыяльныя прэферэнцыі.
Падчас рабочай паездкі на Ляхавіччыну міністр правёў асабісты прыём грамадзян у райвыканкаме. Ляхавічане ўздымалі пытанні гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў вёсцы Дарава-Чыж, будаўніцтва басейна ў райцэнтры і шматкватэрнага жылога дома з убудаваным у яго цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Яўгеній Каваленка адзначыў, што пытанні патрабуюць вывучэння, таму будуць узяты на кантроль. Міністр пагутарыў з прадстаўнікамі моладзі Ляхавіччыны.
– Сустрэчы з працоўнымі калектывамі, грамадскімі актывістамі, моладдзю і ветэранамі працы надзвычай важныя. Канструктыўны дыялог «улада – народ» неабходны, ён дае магчымасць непасрэдна ад людзей даведацца, што іх хвалюе. Пачуць чалавека, гаварыць з ім – непасрэдны абавязак прадстаўнікоў улады розных узроўняў, – падкрэсліў Яўгеній Каваленка.
Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА-МАСЛОЎСКАЙ

