Каб журчала Шавялёўка ці Тандэм чалавека і прыроды па-ляхавіцку

ПРАЦЯГ. Пачатак тут

Напэўна, большасць людзей і не ведае, што гэта за баршчэўнік Сасноўскага. Назва сугучная з папулярнай стравай, але баршчу з расліны не зварыш. На выгляд нагадвае дрэўца ў рост чалавека, увенчанае буйнай шапкай, падобнай на суквецце кропу.

Некалі баршчэўнік быў завезены да нас з Сібіры: навукоўцы-аграрнікі памылкова палічылі яго карысным кормам для буйной рагатай жывёлы. У нашым раёне спецыялізаваўся на вырошчванні баршчэўніку колішні калгас ”Іскра” (сёння гэта СВК “Тальмінавічы”). За дзесяцігоддзі знішчыць гэтую расліну не ўдалося – толькі прыпынілі распаўсюджванне. Вельмі многа яе ля Гайніна і Гайнінца, Старых і Новых Будаў. З палёў баршчэўнік стаў “перасяляцца” ў лес, і праблема пачала датычыць ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. Ужо некалькі гадоў раённы бюджэт выдзяляе Ганчароўскаму сельвыканкаму грошы на закупку ядаў для барацьбы з баршчэўнікам, яго зараснікі стараюцца скасіць да цвіцення. Летась за невыкананне прадпісання райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па знішчэнні гэтай расліны на ўзлесках быў аштрафаваны работнік лясгаса.
Прыродаахоўнікі сцвярджаюць, што сама па сабе расліна не наносіць шкоды прыродзе і экалогіі, але небяспечная для людзей: яе сок пад сонечнымі промнямі выклікае моцныя апёкі. Баршчэўнік Сасноўскага вельмі хутка размнажаецца, захоплівае ў “палон” усё новыя зямельныя ўгоддзі.
А на вадаёмы наступаюць чарот і траснёг. Рэчышча Шчары на тэрыторыі нашага раёна змяншаецца з-за зараснікаў і водарасцей. У Дараве, напрыклад, па абодва бакі моста амаль што не відаць воднай гладзі. Запавольваецца цячэнне некалі хуткаплыннай рэчкі. Вадасховішчы Мінічы і Нетчын таксама паступова ператвараюцца ў балоты – пры затапленні адведзенай тэрыторыі не быў зняты ўрадлівы слой зямлі. Зусім па іншай тэхналогіі пабудаваны Востраўскі вадаём, ён і сёння чысты, радуе аматараў адпачыць на прыродзе.
Аднак, нельга скідваць з рахункаў вынікі гаспадарчай дзейнасці людзей, хаця ў апошні час не выяўлена фактаў злосных парушэнняў пры захоўванні і ўнясенні мінеральных тукаў, скідвання ў вадаёмы вытворчых і бытавых сцёкаў. І ўсё ж пры такіх грандыёзных маштабах сельскагаспадарчых работ нельга быць упэўненым, што вадаёмы поўнасцю абаронены ад забруджвання. Таму праверкі і рэйды праводзяцца рэгулярна.
Некалькі гадоў назад была расчышчана частка рэчышча Ведзьмы на тэрыторыі горада, створана зона адпачынку. Каб не зарастала рэчка, работнікі жылкамунгаса нядаўна запусцілі ў яе малькоў таўсталобіка і белага амура – рачных санітараў, якія харчуюцца водарасцямі. Ёсць спадзяванне, што гэта будзе садзейнічаць знікненню вод-ных раслін, якія з павышэннем тэмпературы актывізуюць рост і спрыяюць размнажэнню шкодных бактэрый: штогод зону адпачынку ў Ляхавічах, як і іншыя ў нашым раёне, санслужба закрывае для купання.
Затое індыкатарам чысціні наступны факт – у Мініцкім вадасховішчы развяліся ракі. Самае прыгожае, чыстае, багата зарыбленае – возера Качайла за Свяціцай. Іменна ў гэтых месцах можна пабачыць занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь чорнага бусла і шэрага жураўля. У наваколлі Тухавіч жыве “чырванакніжны” від сініцы – рэмез.
Праўда, калі-нікалі прыродную гармонію парушаюць браканьеры. Прыродаахоўнае заканадаўства, прадугледжвае жорсткія меры ў адносінах аматараў незаконнай нажывы. Напрыклад, шчупак, вылаўлены рыбалоўнай сеткай (незалежна ад вагі) будзе каштаваць адну базавую велічыню – такі памер кампенсацыі шкоды, нанесенай прыродзе. Гэтая ж рыбіна, здабытая ў час нерасту “заважыць” на 3 базавыя. Акрамя таго, браканьер заплаціць немалы штраф.
У нашых лясных угоддзях камфортна адчуваюць сябе прадстаўнікі чырванакніжнай флоры. Напрыклад, рададэндран жоўты. У Савейкаўскім, Рэпіхаўскім парках і проста ў лясных масівах можна ўбачыць піхту белую, звычайную, воцатнае дрэва. Шумяць маладыя дубровы, бярозавыя гаі, штогод аднаўляюцца плошчы прамысловых высечак лясоў, а ў населеных пунктах з’яўляюцца паркі, скверы, сады. Каб зберагчы і прымножыць прыродныя багацці, захаваць спрыяльную экалогію, патрэбна выхоўваць змалку пачуццё прыгожага і адказнасць. Яшчэ нядаўна дзейнічала “экалагічная сцежка”, пракладзеная па Нетчынскіх запаветных мясцінах, былі пабудаваны вышкі-пляцоўкі, з якіх юныя натуралісты ды і дарослыя маглі любавацца краявідамі. Напэўна, многія, хто тут пабываў, не стануць смеціць ля стыхійных вогнішчаў, ламаць толькі пасаджаныя дрэўцы. Вельмі важна, каб сцежка была адноўлена і пракладзены іншыя.
Дзейнасць чалавека не павінна шкодзіць прыродзе. У многіх населеных пунктах плануецца змяншаць плошчы палёў фільтрацыі, у перспектыве – рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у райцэнтры. У некаторых вёсках устанаўліваюцца кантэйнеры для паасобнага збору бытавых адходаў, а ў ЖКГ пачне работу другая лінія іх сартавання. Рэкультывуюцца ўнутрыгаспадарчыя кар’еры, уладкоўваюцца пляцоўкі для часовага збору металалому. Усе сельгаспрадпрыемствы абавязаны абгарадзіць фермы і навесці парадак на прылягаючых тэрыторыях. Што датычыць садаводчых таварыстваў, то парадак павінен быць не толькі на дачных участках, але і вакол пасёлкаў.
Неўзабаве наступіць купальны сезон. У Дараве, напрыклад, пачышчана дно рэчкі, убрана расліннасць, падсыпаны бераг. Падрыхтавацца да летняга адпачынку дапамагаюць і школьнікі, якія сёлета арганізавалі тыдзень уборкі вадаёмаў. Пачышчаны берагі вадасховішчаў Мінічы і Нетчын, востраўскага возера, наводзіцца парадак на гарадскім пляжы.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *