З павагай і ўдзячнасцю. Гэтымі майскімі днямі падчас акцый памяці гучаць віншаванні ў дамах і кватэрах былых вязняў фашысцкіх канцлагераў

Гэтымі майскімі днямі падчас акцый памяці гучаць віншаванні ў дамах і кватэрах былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, да іх прыходзяць госці – прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў
і палітычных партый, моладзь і школьнікі. Гэта вельмі важна – захаваць успаміны пра Вялікую Айчынную вайну тых, хто быў сведкамі страшных падзей. Сённяшнія пакаленні імкнуцца падтрымліваць землякоў, у чыім лёсе была вайна, дапамагаць ім словам і справай.


У мінулы аўторак старшыня Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз, кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Бурак, дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская з цёплымі віншаваннямі, шчырымі пажаданнямі і падарункамі наведалі былых вязняў фашысцкіх канцлагераў ляхавічанак Зою Осіпаву і Ніну Папянюк.
І Зоі Яфімаўне, і Ніне Фёдараўне ёсць што расказаць. І пра тое, як страшна і цяжка было ў фашысцкім палоне, як склалася іх жыццё ў пасляваенны час, чым займаюцца цяпер.
Хоць і цяжка даюцца ўспаміны пра дзяцінства, фашысцкі прыгнёт і здзекі, але пра гэта трэба гаварыць, каб вайна не паўтарылася зноў. Кожная сустрэча напоўнена душэўнай атмасферай. Самае галоўнае пажаданне зямлячкам, чыё дзяцінства апалена вайной, – здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Кіраўніцтва раёна заверыла, што і ў далейшым у Беларусі ветэраны будуць паўсюдна адчуваць дзяржаўную падтрымку.
Былыя малалетнія вязні падзякавалі за заўсёдную ўвагу і клопат і адзначылі, што самае галоўнае – берагчы мір, бо самае вялікае шчасце – жыць пад мірным небам ў незалежнай краіне.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

