Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Мы, беларусы – мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі…Такімі словамі пачынаецца Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Колькі сэнсу ўкладзена ў гэтыя словы! Тут і міралюбівая палітыка нашай краіны, і патрыятызм яе грамадзян, і вернасць традыцыям, і менталітэт беларусаў.

Не сумняваюся, што многія з нас адчуваюць вялікі гонар, калі на міжнародных стартах самага высокага ўзроўню – Алімпіядзе, чэмпіянатах свету і Еўропы – пасля перамогі нашых спартсменаў над стадыёнамі гучыць гімн Беларусі і ўздымаецца чырвона-зялёны флаг. Флаг Беларусі падымаўся вучонымі-палярнікамі ў Антарктыдзе,
дэсантнікамі – на Паўночным полюсе, альпіністамі – на Эверэсце, тройчы трапляў і ў космас. У розных сферах дзяржаўныя сімвалы сталі часткай жыцця і здзяйсненняў беларускага народа. Хутка ў школах пройдуць урачыстыя лінейкі – пад гукі гімна тысячы выпускнікоў зробяць першыя крокі ў самастойнае жыццё. Пад родным сцягам аграрыі здзейсняць свой працоўны подзвіг. Маладажоны бяруць законны шлюб – гербавая пячатка замацуе клятвы любові і вернасці новых сем’яў.
Герб, флаг, гімн – сімвалы дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі
Беларусь. І мы, беларусы, ганарымся імі, беражом і шануем іх і вучым гэтаму падрастаючыя пакаленні. Як жа шчымліва і прыемна глядзець на выхаванцаў дзіцячага садка, якія старанна, па-дзіцячы натхнёна спяваюць беларускі гімн. А як узнёсла гучыць гімн падчас усебеларускай акцыі «Спяваем гімн разам» у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. На будынках прадпрыемстваў і арганізацый – Дзяржаўны флаг Беларусі. Выява дзяржаўнага герба – на дакументах дзяржаўнай важнасці, у тым ліку, на галоўным дакуменце грамадзяніна – пашпарце.
Яркім ва ўсіх сэнсах адлюстраваннем нашага суверэнітэту з’яўляецца плошча Дзяржаўнага флага ў Мінску.
Ёсць у дзяржаўных сімвалаў сваё свята: штогод у другую нядзелю мая адзначаецца Дзень дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяр-
жаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Абсалютная большасць беларусаў з павагай і пашанай ставіцца да галоўных дзяржаўных сімвалаў. І дзікунствам выглядаюць выпадкі, калі асобы з пэўнай ступенню дэградацыі зрываюць дзяржаўны сцяг з флагштоку, топчуць нагамі, абражаюць словы гімна… Варта памятаць, што такія супрацьпраўныя дзеянні караюцца законам – дзяржава стаіць на варце сваіх сімвалаў. Згодна з артыкулам 370 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за глумленне з дзяржаўных сімвалаў прадугледжваюцца штраф, папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Узгадваюцца ашалелыя спробы так званай апазіцыі ў 2020-м годзе навязаць беларусам бэчэбэшны чырвона-белы сцяг. Калі зазірнуць у нашу гісторыю, то былі нядоўгія перыяды, калі гэта сімволіка лічылася афіцыйнай. Але якія дасягненні мелі беларусы пад бчб-сцягам?

Ён з’яўляўся на палітычнай арэне падчас Грамадзянскай вайны,
калі была заснавана БНР. Потым бела-чырвона-белы сцяг спрабаваў заявіць пра сябе ў статусе дзяр-жаўнага сімвала падчас нацысцкай
акупацыі ў 1941–1944 гадах. Бэчэбэшная сімволіка ўвасабляла ў сабе калабарацыянісцкі рух на акупаваных фашыстамі беларускіх тэрыторыях. Як можна было слухаць звар’яцелую апазіцыю ў 2020-м
і ўсхваляць сцяг, на якім кроў кожнага трэцяга беларуса ў гады Вялікай Айчыннай вайны, плач і стогны дзяцей Хатыні, жанчын і старых людзей, крыкі яўрэяў гета? Спробы рэанімаваць бчб-сімволіку прымаліся ў перыяд распаду Савецкага Саюза напачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя і асацыююцца з палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай разрухай. 12 мая 2024 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Мінску на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў узгадаў вынікі рэферэндума 1995 года, калі пераважнай большасцю галасоў беларусы выказаліся за пераемнасць гераічнай сімволікі:
«Не паддаўшыся на пагрозы сучасных калабарантаў, а дакладней сказаць здраднікаў ад палітыкі, захаваўшы вернасць сабе, сваім прынцыпам і ідэалам, сваёй гісторыі, мы разам адстаялі нашы сапраўдныя дзяржаўныя сімвалы. Разам сказалі «не» сімволіцы, якая стала для нас сапраўдным знакам бяды.
А гэта ўжо з выступлення Кіраўніка дзяржавы ў час урачыстага рытуалу ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў 8 мая 2022 года: «Сімвалы – сцяг і герб – павінны рабіць адметнай дзяржаву ад іншых дзяржаў. Яны павінны адрозніваць нас з вамі ад іншых. Які быў прапанаваны герб? «Пагоня». Вам не нагадвае гэты герб чыйсьці герб іншай краіны?
А мне нагадвае! Нам быў прапанаваны сцяг. Дадай яшчэ адну
палоску – і мы запазычвалі суседняй краіны сцяг. Дык няўжо ў нас не было сваёй гісторыі? Няўжо мы хацелі падагнаць сваю гісторыю, сваю краіну пад Літву або Польшчу? І як актуальна гэта сёння гучыць!».

Сённяшняя дзяржаўная сімволіка афіцыйна зацверджана ў 1951 годзе, і менавіта пад ёй БССР развівалася паспяхова, быў закладзены сацыяльна-эканамічны, духоўна-культурны патэнцыял, грамадска-палітычны фундамент, на якім і вырасла незалежная Беларусь, якая прадаўжае мірнае і стваральнае развіццё.

Галіна КАНЬКО.