Дзяцінства, апаленае вайной. На старонках «ЛВ» расказваем пра былых вязняў фашысцкіх канцлагераў
Больш за восем дзесяцігоддзяў у тых, хто ведае і шануе гісторыю, май асацыюецца з Вялікай Перамогай. Перамогай міра над вайной, перамогай над фашысцкай навалай, якая ў 30–40-я гады мінулага стагоддзя сваім чорным крылом накрыла амаль усю Еўропу. Нават страшна ўявіць, што магло быць са светам і далей, каб гітлераўская Германія не была разбіта Савецкім Саюзам. Разам армія і народ супрацьстаялі фашыстам і іх прыспешнікам. Са зброяй у руках на полі бою і ў партызанскіх атрадах, у падполлі, нястомнай працай у тыле рашуча змагаліся нашы бацькі, дзяды і прадзеды з ненавісным ворагам. Вельмі цяжка, іншы раз і невыносна фізічна і душэўна было мірнаму насельніцтву, якое на сабе зведала «славуты» нямецкі парадак. Не перадаць словамі, якія боль, прыгнёт, расправы і здзекі вынеслі зняволеныя гета і фашысцкіх канцлагераў. Мы, сённяшнія пакаленні, не павінны, не маем права забываць ні пра герояў, якія набліжалі Перамогу, ні пра ахвяр вайны.
Калісьці ў Ляхавіцкім раёне жылі, працавалі, выхоўвалі падрастаючае пакаленне сотні ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, але час няўмольны, і з кожным годам сведак падзей 1941–1945 гадоў застаецца ўсё менш і менш. На сёння ў жывых засталіся толькі чацвёра былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. На старонках «ЛВ» раскажам пра кожнага з іх. Пра дзяцінства, апаленае вайной, у якіх замест гульняў – страх, голад і холад, і кожны дзень мог стаць апошнім…

Зоя ОСІПАВА (Ляхавічы)
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, васьмігадовая Зоя разам з сям’ёй жыла на Смаленшчыне.
– У ліпені 1941-га года вярнулася са Смаленска старэйшая з пяці сясцёр Жэня, яна была нам і за маму, якая ў гэты час пагнала статак кароў у «эвакуацыю» са Смаленскай у Разанскую вобласць, і за сястру. Аднойчы Жэнька пайшла да сяброўкі. Напэўна, дзяўчаты мелі сувязь з партызанамі, іх схапілі карнікі, – успамінае Зоя Яфімаўна.
Потым іх сям’ю, як і тысячы іншых, вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Зоя Осіпава ўспамінае, колькі разоў за час таго жудаснага падарожжа маці вырывала сваіх дзяцей з абдымкаў смерці.
На мяжы з Францыяй, у былым спартыўным будынку, абцягнутым калючым дротам, пасялілі нявольнікаў –
старых, жанчын, дзяцей. Пад дуламі аўтаматаў ганялі іх на работу на фабрыку. Зоя Яфімаўна расказвае, што ёй «пашанцавала» – мыла посуд у бюргера, у сям’і якога да дзяўчынкі ставіліся адносна някепска, не здзекаваліся над ёю. А вось у мамы і ў сясцёр на фабрыцы ўмовы былі нечалавечыя.
Пасля вайны сям’я жыла на Брэстчыне. Зоя паступіла ў педагагічны інстытут. Працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў ляхавіцкай СШ № 2.
Як пацвярджэнне прафмайстэрства – нагрудны знак «Выдатнік народнай асветы», якім узнагароджана Зоя Осіпава. І што б ні здарылася ў яе жыцці, прадаўжае радавацца кожнаму дню. Кошт імгнення яна навучылася цаніць, калі была ў нямецкай няволі. А сёння бясконца гатова паўтараць: шчасце – жыць у міры.

Ніна ПАПЯНЮК (Ляхавічы)
Некалькі дзён хапіла пяцігадовай Ніне, каб усвядоміць, вайна – гэта вельмі і вельмі страшна. Неўзабаве пасля таго, як фашысты прыйшлі ў вёску, пачаўся пакутлівы шлях са Смаленшчыны ў канцлагер ў Слуцку, куды прывезлі разам з іншымі Ніну, яе маці, трох сясцёр і двух братоў. Тут разам з іншымі вязнямі ім давялося выжываць на працягу васьмі месяцаў. Потым знясіленых у таварных вагонах павезлі на Баранавічы, далей павінны былі адправіць на верную смерць – у Калдычэўскі лагер смерці. Але лёс пашкадаваў Ніну і яе сям’ю.
– Чамусьці планы ў фашыстаў памяняліся, цягнік расфар-
міравалі, а людзей размеркавалі па хатах. Нашу сям’ю раздзялілі па трох вёсках – Туркі, Сакуны, Конькі. Гаспадарам цяжка было пракарміць сваю сям’ю – час галодны, таму выжывалі, як маглі. Даводзілася і жабраваць, і брацца за любую работу. Потым фашыстаў пагналі з раёна, і мы засталіся ў Ляхавічах. Адзін з братоў загінуў на вайне, другі вярнуўся да нас, вывучыўся на настаўніка, пэўны час быў дырэктарам у Дараўскай школе, – гаворыць былы вязень фашысцкага канцлагера.
Ніна Папянюк працавала паштальёнам, на розных пасадах у райвыканкаме, у будаўнічых арганізацыях і на заводзе «Металапластмас», узначальвала загс. Дарэчы, муж Ніны Фёдараўны Віктар Папянюк, калі працаваў галоўным інжынерам Ляхавіцкага завода жалезабетонных вырабаў, кіраваў работамі па ўзвядзенні Кургана вечнай Славы ў Ляхавіцкім раёне.

Уладзімір ЖАВАРАНАК (вёска Ганчары)
Усяго тры гады было вясковаму хлапчуку Валодзю Жаваранку, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. На ўсё вялікае дараванае лёсам жыццё (сёлета ў лютым Уладзіміру Юльянавічу споўнілася 88 гадоў) ён запомніў тыя імгненні, калі бацьку забралі ў палон, як жорстка здзекаваліся фашысцкія каты над дзядулем. А потым былі яшчэ боль, нечалавечыя выпрабаванні для малалетняга вязня і ўсе жахі генацыду: не жыццё, а выжыванне ў яўрэйскім гета ў Ваўкавыску, а далей у Кенігсбергу. Цяжка нават уявіць, як пяцігадовы хлопчык мог самастойна даглядаць за жывёлай, працаваць па гаспадарцы і нават абыходзіцца з канём.
– Было адно на ўсіх, дарослых і дзяцей, жаданне – выжыць, каб нас вызвалілі, і мы змаглі вярнуцца дамоў, на Радзіму. І мара збылася ў красавіку 1945 года – пасля вызвалення мы ўсё ж дабраліся ў Савецкі Саюз. Гэта быў цяжкі шлях, выжылі не ўсё. Але мая сям’я трапіла ў лік шчасліўчыкаў, – расказвае Уладзімір Жаваранак.
У верасні 1945 года Валодзя пайшоў у першы клас. Пасля школы паступіў у сельскагаспадарчы інстытут у Гродне і па размеркаванні трапіў у Ляхавіцкі раён у вёску Ганчары, якая і стала яго другой радзімай. Доўгі час працаваў у саўгасе «Ганчароўскі», стварыў сям’ю, нарадзіліся дзеці, потым унукі, праўнукі. У працоўнай скарбонцы Уладзіміра Юльянавіча нямала ўзнагарод за добрасумленную працу, асаблівае месца займаюць медаль «За працоўную доблесць», значок «Выдатнік сацыялістычнай працы гаспадаркі». Уладзімір Жаваранак, нягледзячы на шаноўны ўзрост, знаходзіць час і сілы на грамадскую работу. Ён сустракаецца са школьнікамі і моладдзю і заўсёды рады гасцям. Наш шаноўны зямляк не стамляецца гаварыць: «Беражыце мір! Галоўнае, каб не было вайны».

Аляксандра ДАНІЛЬЧЫК (вёска Завінне)
Так атрымалася, што і яшчэ для адной расіянкі Беларусь стала другой радзімай. У дзесяцігадовым узросце Аляксандру разам з роднымі ў таварных вагонах прывезлі ў Ляснянскі канцлагер (знаходзіўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў 22-х кіламетрах ад Баранавічаў). У дарослым жыцці Аляксандра Іванаўна не любіла гаварыць пра жахі канцлагера «Лясная», дзе яна хоць і знаходзілася нядоўга – з ліпеня па верасень 1943 года, але заўжды з нясцерпным болем успамінала тыя жудасныя дні. Яе дачка Таццяна расказвае, што Аляксандра спрабавала ўцячы праз калючы дрот з канцлагера, але гітлеравец заўважыў і вельмі моцна пабіў дзяўчынку.
Пасля вызвалення Аляксандра разам з роднымі жыла ў сем’ях у Падлаззі, няньчыла чужых дзяцей.
І засталася ў Ляхавіцкім раёне. Да выхаду на заслужаны
адпачынак працавала паляводам на эксперыментальнай базе «Малагарадзішчанскай». Вось ужо амаль 20 гадоў жыве ў адной з дачок у Баранавічах, дзе пра яе з любоўю клапоцяцца родныя. Пра былога малалетняга вязня фашысцкіх канцлагераў не забываюць і на Ляхавіччыне: віншуюць са святамі, памятнымі датамі. Так будзе і сёлета, да Дня Вялікай Перамогі.

