Лён. Сям’я. Дынастыя. У Ляхавіцкім раёне тысячы сем’яў – маленькіх і вялікіх. Адна з такіх – сям’я Кісценяў з Задвор’я. Не проста сям’я – ільнозаводская дынастыя

Напэўна, нямала прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны могуць ганарыцца сваімі працоўнымі дынастыямі. Такі сямейны падрад паспяхова зарэкамендаваў сябе і на ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Вось ужо трэцяе пакаленне сям’і Заяц-Кісцень добрасумленна працуе ў розных падраздзяленнях прадпрыемства.
Агульны сямейны працоўны стаж – 144 гады. Яго адлік пачаўся ў 1978 годзе, калі на льнозавод прыйшоў Мікалай Заяц. Заснавальнік дынастыі адпрацаваў на заводзе 36 гадоў слесарам-рамонтнікам. Па ўспамінах старажылаў, быў добрым майстрам сваёй справы. На працягу 37 гадоў працавала ў цэху, потым наводзіла чысціню і парадак у заводскіх памяшканнях яго жонка Марыя Заяц. Яны пайшлі з жыцця, але іх справу сёння прадаўжаюць дачка, зяць і ўнукі.
– Жыву ў Задвор’і, завод ведаю з дзяцінства, часта прыбягала сюды, бачыла, як працуюць бацькі. Потым і сама ўладкавалася сюды на працу. Здаецца, гэта было так нядаўна, а прайшло ўжо 29 гадоў. Пачынала яшчэ ў старым цэху – загружала сыравіну, потым займалася сартаваннем, сушкай. Як толькі адкрыўся новы цэх – перайшла туды. Канешне, не параўнаць, якія ўмовы працы былі напрыканцы мінулага стагоддзя і цяпер. Клопат кіраўніцтва пра завадчан адчувальны ва ўсім. Радуе і тое, што атрымліваем дастойную заработную плату, – расказвае Аксана Кісцень, якая працуе сартавальнікам сыравіны і валакна. У яе абавязкі ўваходзіць сартаванне льновалакна па нумарах. Справа нялёгкая, але дзякуючы адказнасці, уважлівасці, акуратнасці, вопыту ў Аксаны Мікалаеўны ўсё атрымліваецца.
26 гадоў ільнозавадчанін – гэта пра мужа Аксаны Сяргея Кісценя – вопытнага вадзіцеля пагрузчыка.
– Да льнозавода працаваў у Ляхавічах. Ільнозавод атрымаў тады новы трактар, і кіраўніцтва прадпрыемства праз жонку прапанавала мне перайсці на завод. Згадзіўся. І застаўся тут надоўга. Шмат гадоў працаваў на трактары, цяпер на пагрузчыку. Удзячны лёсу, што ў маім жыцці ёсць Ляхавіцкі льнозавод. Тым больш, тут працуюць жонка і малодшы сын, – гаворыць Сяргей Кісцень.
Сяргей і Аксана выхавалі двух сыноў, якія, як і бацькі, адданыя не толькі роднаму краю, але і прадоўжылі слаўныя заводскія традыцыі. У 2015 годзе на аднаго Кісценя на льнозаводзе стала больш. Размова пра старэйшага сына Максіма, які прыйшоў сюды маладым спецыялістам – электраманцёрам па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, працаваў тут дзевяць гадоў.
Лёс павярнуўся так, што нядаўна ён змяніў працоўнае месца і зараз прадаўжае сельскагаспадарчую працу – у СУП «Белазем’е».
Яшчэ адзін завадчанін малодшы сын Ілья, прасоўшчык валакна. У яго пакуль кароткай працоўнай біяграфіі (пачалася з 2019 года) ёсць паўтарагадовы перапынак па ўважлівай прычыне – тэрміновая служба ва Узброеных Сілах краіны. Як сцвярджае сам Ілья, у яго ўсё яшчэ наперадзе, і ён сваё важкае слова ў ільноперапрацоўцы абавязкова скажа.
– Дынастыя Заяц-Кісцень – адзін з прыкладаў адданасці нашаму прадпрыемству. Мне давялося працаваць і з Мікалаем Іванавічам, і з Марыяй Аляксееўнай Зайцамі, цяпер – з сям’ёй Кісценяў. Скажу – такія людзі аснова асноў завода, працуюць добрасумленна і надзейна, – гаворыць дырэктар льнозавода Дзмітрый Скакун.
144 гады агульнага стажу на адным прадпрыемстве для дынастыі не малая лічба. Але відавочна, што яна з кожным годам будзе павялічвацца.
– Прыемна, што ў дасягненнях завода ёсць часцінка працы маёй сям’і. Памятаю, як гадоў 20 назад тады яшчэ намеснік кіраўніка прадпрыемства Дзмітрый Скакун сказаў: пройдзе час, завод мадэрнізуецца, наладзім выпуск новай прадукцыі, палепшацца
ўмовы працы, і вы будзеце ганарыцца тым, што тут працуеце. І словы спраўдзіліся.
Ганаруся нашым прадпрыемствам, завадчанамі і тым, што тут працуе наша сям’я, – сцвярджае Аксана Кісцень.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

