Без права на забыццё. Дзень Перамогі Беларусь адзначыла ўсенародна і маштабна. Тым часам у некаторых дзяржавах святкаванне 9 Мая поўнасцю ці часткова забаронена

Дзень Перамогі Беларусь адзначыла ўсенародна і маштабна. Па ўсёй краіне – ад вёсак да сталіцы – прайшлі святочныя мітынгі і канцэрты, агульнанацыянальная хвіліна маўчання, акцыя «Беларусь памятае» і многае іншае. Беларусы шырокай ракой ішлі з кветкамі да брацкіх магіл, помнікаў і воінскіх пахаванняў, успаміналі герояў – сваіх дзядоў і прадзедаў, якія не пашкадавалі жыцця дзеля нашай свабоды і незалежнасці. І гэта працяг слаўных традыцый ушанавання народнага подзвігу.
Тое, што 9 Мая захоўвае за сабой пазіцыі аднаго з самых масавых і народных святаў, пацвярджае і рабочы графік нашага Прэзідэнта. Святочны дзень Вялікай Перамогі Кіраўнік дзяржавы традыцыйна правёў адразу ў дзвюх сталіцах – Маскве і Мінску. У Маскве прыняў
удзел у парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы. А пазней у Мінску на цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра страшную цану, якую заплацілі народы Савецкага Саюза і непасрэдна Беларусі за вызваленне Еўропы ад фашызму.
Эпіцэнтрам памяці ў Дзень Перамогі стаў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», дзе на святочны мітынг сабраліся каля 35 тысяч чалавек. Кульмінацыя падзеі – масавае выкананне песні «Дзень Перамогі» – тысячы людзей спявалі яе хорам ля сцен легендарнай цытадэлі.
Беларусь робіць усё, каб памяць пра Вялікую Перамогу жыла ў сэрцах новых пакаленняў. Тым часам у Прыбалтыцы, Германіі, Малдове, Польшчы, Украіне і некаторых іншых дзяржавах святкаванне 9 Мая поўнасцю ці часткова забаронена. Найбольш жорсткія меры дзейнічаюць у Латвіі, Літве і Эстоніі, дзе за георгіеўскую стужку ці выкананне «Кацюшы» можна атрымаць немалы штраф.
У латвійскіх школах няма асобнага курсу гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яе вывучаюць толькі ў рамках Другой сусветнай – у вельмі скарочаным аб’ёме. Пры гэтым дзецям не расказваюць пра подзвіг савецкага народа і пра мільёны ахвяр. Ніхто не тлумачыць падлеткам, якой цаной была здабыта Перамога, і што без мужнасці чырвонаармейцаў Латвія, магчыма, наогул не існавала б як дзяржава. Замоўчваецца і пра бесчалавечны план «Ост» – дакумент, які прадугледжваў знішчэнне паловы насельніцтва Прыбалтыкі і іншых краін.
Ва Украіне Дзень Перамогі афіцыйна замянілі на Дзень Еўропы. І гэта краіна, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны разам з іншымі змагалася з фашысцкай нечысцю. У былой савецкай рэспубліцы Малдове ўлады не дазволілі праводзіць мерапрыемствы да Дня Перамогі на цэнтральнай плошчы Кішынёва, аддаўшы яе Дню Еўропы. У жорсткай апазіцыі да святкавання 9 Мая знаходзіцца Польшча, якая адмовіла нават у пралёце над сваёй тэрыторыяй замежным дэлегацыям, што накіроўваліся на ўрачыстасці. У Берліне 8 і 9 мая пад забарону трапілі сцягі Расіі, СССР і Беларусі, ваенная форма, а таксама выкананне ваенных песняў і маршаў. А побач з месцамі правядзення памятных мерапрыемстваў ўстаноўлены шыльды з забаронай на дэманстрацыю савецкай і расійскай сімволікі. У Беларусі выклікалі глыбокае неразуменне і абурэнне спробы германскіх улад і кіраўніцтва мемарыяльных комплексаў не дапусціць беларускіх дыпламатаў да ўдзелу ў памятных мерапрыемствах, звязаных з вызваленнем Еўропы ад фашызму. Горка і агідна!
Рознае стаўленне да 9 Мая – гэта пытанне гістарычнай памяці, выхавання моладзі і павагі да подзвігу продкаў. Там, дзе людзі памятаюць сваю гісторыю і шануюць герояў, Дзень Перамогі застаецца вялікім святам. У краінах, дзе палітыкі спрабуюць перапісаць мінулае ў асабістых інтарэсах, 9 Мая трапляе ў чорны спіс, а ветэранаў называюць «акупантамі». Але праўда застаецца праўдай: савецкі народ разграміў нацызм. І кошт гэтага – больш за 30 мільёнаў жыццяў. Беларусь у ваенным ліхалецці страціла тры мільёны чалавек, загінуў кожны трэці… Дзень Перамогі застаецца для нас святым!
Беларусь выбірае памяць, праўду і ўдзячнасць. Латвія, Літва, Эстонія і некаторыя іншыя краіны – забароны, хлусню і забыццё. Але нават там, дзе 9 Мая афіцыйна пад забаронай, людзі па-ранейшаму
выходзяць з кветкамі да помнікаў. Сапраўдная памяць жыве ў сэрцах, а не ў законах. І яна мацнейшая за любую палітычную кан’юнктуру.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

