З новым летам! У Ляхавіцкім раёне ва ўсіх школах прагучаў апошні званок /фота абноўлена/

Школьнікі Навасёлкаўскай СШ

Вось і ўсё. Здадзены падручнікі, падпісаны дзённікі, закінуты сшыткі. Бывайце 235 дзён навучальнага года! Прывітанне лета!
У мінулую суботу ва ўсіх школах раёна празвінеў апошні званок гэтага навучальнага года – для 2912 вучняў. Школа адпраўляецца ”ў водпуск”.

Праспяваў мелодыю званок і ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе, якая ў 47 раз выпускае ў самастойнае дарослае жыццё сваіх выхаванцаў. Сёлета тут 9 выпускнікоў. Шмат цёплых слоў у адрас рабят і настаўнікаў гаварылі дырэктар СШ Святлана Шпак, класны кіраўнік Наталля Несцяровіч, старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Буйкевіч, намеснік старшыні СВК “Шлях новы” Тамара Марцінкевіч, ад імя бацькоў – Марына Наздрына.  Краналі сваёй непасрэднасцю, давалі наказы і першакласнікі. У гэты дзень уручаліся ўзнагароды лепшым, а вучні дарылі кветкі і дзякавалі настаўнікам. Потым блакітнае неба расквецілі паветраныя шары.
Традыцыйна на свяце апошняга школьнага званка праходзіць рэспубліканская акцыя “Падары дзіцяці мяч”, ініцыяваная Белаграпрамбанкам: новенькія мячы атрымалі і 15 першакласнікаў Навасёлкаўскай СШ.
Святочна і ўрачыста гэта падзея прайшла ў СШ №1: малодшыя вучні радасна развітваліся са школай на час канікулаў, каб зноў сюды вярнуцца ў верасні, адзінаццацікласнікі – з відавочным хваляваннем апошніх школьных імгненняў. Галоўныя асобы лінейкі выпускнікі – 49 юнакоў і дзяўчат. Як, пэўна, зайдросцілі ім пачаткоўцы, калі прыгожыя, узрушаныя і жыццярадасныя яны важна крочылі са сваімі класнымі кіраўнікамі – Інай Бортнік і Аленай Камко – пад дружныя апладысменты прысутных. 11 класаў, 11 сумесных гадоў пройдзены – наперадзе скрыжаванне “дарослае жыццё”. Свае віншаванні рабятам адрасавалі першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк і дырэктар школы Наталля Кулак. У гэты сонечны майскі дзень ушаноўвалі выдатнікаў вучобы, пераможцаў алімпіяд і канферэнцый, наогул актыўных і нераўнадушных хлопчыкаў і дзяўчынак.
Першакласнікі прынялі ад старэйшых сяброў школьную эстафету. Заплаканыя вочы бацькоў, словы шчырай удзячнасці настаўнікам і цёплыя пажаданні выпускнікам перад адказнымі іспытамі, кветкі да помніка загінуўшым воінам – шчымлівыя моманты свята, што назаўсёды захаваюцца ў памяці.
Для 204 адзінаццацікласнікаў і 283 дзевяцікласнікаў нашага раёна пачаліся экзамены, хутка і тэсціраванне.
Галіна КАНЬКО.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і Галіны КАНЬКО.

Няхай спраўдзяцца ўсе летнія мары і жаданні хлопчыкаў і дзяўчынак: выпускнікам – паступіць, вучням – адпачыць і набрацца сіл. Гэта пажаданне, у тым ліку, і школьнікам Навасёлкаўскай СШ  і СШ №1 г. Ляхавічы, а таксама літаральна ўсім іх равеснікам.

Выпускнікі СШ №1 г.Ляхавічы

11 "А" СШ №1 г.Ляхавічы

One thought on “З новым летам! У Ляхавіцкім раёне ва ўсіх школах прагучаў апошні званок /фота абноўлена/

  • 03/06/2015 в 23:44
    Permalink

    Так умилительно смотрятся первоклассники на фоне выпускников! Пусть их всех ждёт только самое лучшее.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *