Вучоба. І не толькі…

Выпускнікі  ЛДАКа паспяхова працуюць у сельгасарганізацыях,  займаюцца навуковай работай, узначальваюць прадпрыемствы,  установы, арганізацыі, фермерскія гаспадаркі, працуюць у дзяржаўных органах кіравання. Нездарма гэту навучальную ўстанову ведаюць не толькі на Брэстчыне, але і ў Беларусі, нават за яе межамі.

Вучэбная гаспадарка, калекцыйна-вопытнае поле, сад з пладовым гадавальнікам,  цяпліца, вытворчыя майстэрні і фермы, ветэрынарная клініка, пчальнік, аўтатрактарадром, вучэбны палігон, студэнцкія інтэрнаты,  спартыўныя, актавая і танцавальная залы, сталоўка  — багатая база не толькі для спасціжэння тэорыі і практыкі, але і для паўнацэннага адпачынку.

— Крэда навучальнай установы: праз практычнае навучанне — да глыбокіх ведаў і любві да абранай  прафесіі, — расказвае намеснік дырэктара ЛДАКа Святлана Тарасевіч.

Літаральна праз тыдзень пасля першавераснёўскай лінейкі чацвёртакурснікі адправіліся на тэхналагічную практыку ў гаспадаркі Брэстчыны.  Будучыя асы ветэрынарнай медыцыны, заатэхніі і агранаміі пацвярджаюць атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы ў гаспадарках Брэстчыны.  Некаторыя навучэнцы працуюць на сельгасаб’ектах ЛДАКа.

— Першы семестр у разгары, да пачатку экзаменацыйнай сесіі засталося няпоўных 2 месяцы. І гэты час  трэба скарыстаць рацыянальна, каб дасканала і паспяхова падрыхтавацца да здачы залікаў і экзаменаў. Добрыя адзнакі і агульны высокі бал па выніках усіх здач, належныя паводзіны і актыўны ўдзел у грамадскім і  культурным жыцці гарантуюць і дастойную стыпендыю, — зазначае Святлана Тарасевіч.

Фотаздымкі выдатнікаў змяшчаюцца на  Дошцы гонару.  Гэтага права па выніках апошняга семестра 2010/2011 навучальнага года  ўдастоены  навучэнцы агранамічнага аддзялення Наталля Кулеш, Вольга Пятран, ветэрынарнай медыцыны — Таццяна Дубоўская, Ганна Кунцэвіч, Яўгенія Рашэтнік, Мікалай Лазерка, заатэхніі — Вольга Мазуркевіч, Таццяна Гаўдзей, Дар’я Юнкевіч, Вікторыя Рабцэвіч, плодаагароднінаводства — Вольга Чарнавокая і Крысціна Шаўчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *