Крымінал. Здарэнні

Праз акно

Супрацьзаконным спосабам вырашыў паправіць уласнае матэрыяльнае становішча невядомы аматар чужога дабра. Сярод белага дня ён праз акно залез у адзін з дамоў па вуліцы Савецкай у райцэнтры і ўкраў маёмасці больш як на 2 мільёны рублёў.
Узбуджана крымінальная справа ў адносінах 25-гадовага раней судзімага жыхара Траццякоўцаў, які ў аднавяскоўкі ўкраў 400000 рублёў.
Не пазбегнуць пакарання і злодзею з Падсаколля, які пазбавіў ляхавічаніна адзення на 190 тысяч рублёў. Дарэчы, на наступны ж дзень небарака пацярпеў зноў. На гэты раз яго пабілі.

Не спадабалася агароджа?

3 кастрычніка ў РАУС звярнулася дырэктар Жарабковіцкай САШ, якая паведаміла, што невядомыя пашкодзілі 9 секцый бетоннай агароджы вакол школы. Прынятымі мерамі вышуку ўстаноўлена, што ролю вандала да сябе прымерыў 25-гадовы жыхар вёскі Вялікая Лотва.

Палена – важкі “аргумент”

Для таго, каб спачатку мірная размова перарасла ў бойку, іншы раз патрабуюцца дробязныя прычыны. Амаль апоўначы ў адзін з першых дзён кастрычніка ў райбальніцу з цялеснымі пашкоджаннямі дастаўлены 46-гадовы ляхавічанін. Траўмы рознай ступені цяжкасці ён атрымаў ад свайго суседа.
Узбуджана крымінальная справа ў адносінах вальшчыка лесу лясгаса і рабочага камунгаса, якія без усялякіх падстаў збілі 25-гадовага ляхавічаніна каля дома №20 па вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры.
Выязджала “хуткая дапамога” і ў вёску Заполле пасля таго, як пры высвятленні адносін жонка пабіла мужа… паленам.
Мужчына з Пашкоўцаў і ўвогуле, пагражаючы забойствам, стукнуў аднавяскоўку сякерай.

Газуюць па-п’янаму

У чарговы раз давядзецца адказваць перад законам 21-гадовай аматарцы хуткай язды пад градусам з Галаўнінцаў. На працягу года яна двойчы затрымлівалася падчас язды на скутары ў нецвярозым стане. Гэты “подзвіг” паўтарыў і жыхар Малога Гарадзішча, праўда, на іншым транспартным сродку – трактары.

Жыццё не берагуць

2 кастрычніка ў сваім доме па вуліцы Камсамольскай у райцэнтры знойдзены павешаным мужчына 1984 года нараджэння.
За некалькі дзён да гэтага трагічнага здарэння на лячэнне ў райбальніцу дастаўлена 45-гадовая ляхавічанка, якая спрабавала атруціцца таблеткамі.

Хмяльны праменад

На жаль, не змяншаецца колькасць грамадзян, якія дастаўляюцца ў міліцыю за знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. Прычым, напіцца і бадзяцца па горадзе хапае розуму і ў мужчын, і ў жанчын. Літаральна за апошнія 2 тыдні тройчы па гэтай прычыне была “госцем” у РАУС 52-гадовая ляхавічанка. Жанчына пакутуе сіндромам залежнасці ад алкаголю.
Міліцыянеры спынілі п’яны праменад па вуліцы горада навучэнкі агракаледжа 1994 года нараджэння.
Аляксандр ЕРМАКОЎ, начальнік РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *